Распавядае Віктар Стукаў:
– У арганізацыю вэтэранаў пэнсіянэраў прымаюць па іх вуснай заяве. Прыйшоў я ў іхны габінэт і заявіў аб жаданьні ўступіць у іх арганізацыю. Працаўніца грамадзкай арганізацыі палічыла мой стаж, які склаў больш за 30 гадоў, узяла гадавыя ўнёскі ў памеры 2% месячнай пэнсіі і павіншавала з уступленьнем ў грамадзкую арганізацыю.
Праз тыдзень мне патэлефанавала старшыня першаснай арганізацыі вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно» Дзьмітрыева Вера Сямёнаўна і папрасіла: «Яшчэ раз прыйдзеце – праверыць, ці дастаткова ў вас стажу працы». Старшыня Дзьмітрыева старанна (з дакладнасьцю да дня) падлічыла мой працоўны стаж і зноў павіншавала мяне з уступленьнем у арганізацыю. Але на гэтым прыгоды ня скончыліся. Яшчэ праз тыдзень старшыня вэтэранаў патэлефанавала і сказала, што мяне можа прыняць толькі рада арганізацыі, якая адбудзецца праз два тыдні.
Калі ўсіх прымаюць без цырымоніяў, то для старшыні Свабоднага прафсаюзу вырашылі аказаць гонар і сабраць раду грамадзкай арганізацыі вэтэранаў. На сходзе прысутнічала больш за 20 чалавек, 19 чальцоў рады вэтэранаў, 4 кандыдаты на прыём у арганізацыю і ад адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» начальнік аддзелу кадраў Юры Краўчанка.
На пачатку паседжаньня з помпай прынялі ў арганізацыю траіх пэнсіянэраў, не забыўшыся пералічыць іх ганаровыя граматы і прэміі. Калі чарга дайшла да мяне, старшыня вэтэранаў Дзьмітрыева зачытала ўсе мае звальненьня за парушэньні заканадаўства аб працы і зрабіла выснову, што мяне нельга прыняць у арганізацыю.
Выступіў ганаровы сябра рады вэтэранаў Раман Прыбышчук (былы работнік першага аддзелу бясьпекі), сказаўшы, што ў мяне няма маральнага права быць чальцом вэтэранскай арганізацыі.
Заслужаная працаўніца прамысловасьці, герой сацпрацы С.В. Цура спытала: «Калі мы вас запросім на сустрэчу з моладзьдзю, вы і там будзеце агітаваць за ўступленьне рабочых у Свабодны прафсаюз?» Адказваючы на пытаньне, давялося распавесьці вэтэранам пра пятнаццацігадовую дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе «Шкловалакно», гэта было адзіным станоўчым момантам паседжаньня.
Паседжаньне рады вэтэранаў «Шкловалакна» было падобна да партыйнага сходу камуністаў з 80-х гадоў, што нават было цікава – зазірнуць у гісторыю. Пасьля ўсіх абмеркаваньняў у выніку галасаваньня тры жанчыны з рады вэтэранаў прагаласавалі за прыняцьце мяне ў арганізацыю, астатнія супраць.
Цяпер я ў сумневах – ці ўступіў я ў арганізацыю, або не? Унёскі зь мяне ўзялі, і ніяк ня могуць мне іх вярнуць. Паводле іх палажэньня аб вэтэранскай арганізацыі рада мае права прыняць у арганізацыю, але права адмовіць у прыёме ў рады няма! Старшыня вышэйстаячай Полацкай раённай рады вэтэранаў Галіна Муравей пісьмова мне паведаміла, што пацьвердзіць маё сяброўства ў першаснай вэтэранскай арганізацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» не ўяўляецца магчымым.
Разгледзеўшы сытуацыю на паседжаньні Рады Свабоднага прафсаюзу Беларускага, прынятае рашэньне аб стварэньні вэтэранскага кірунку ў працы Свабоднага прафсаюзу. Таму што арганізацыі вэтэранаў пры прадпрыемствах носяць ярка выяўленую ідэалягічную афарбоўку.