Аўторак, 04 Жнівень 2015

У Віцебску старшыня жыльлёвага каапэратыву адключыў электрычнасьць шматдзетнай сям’і

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску ў кватэры шматдзетнай сям'і Матвеевых, дзе жывуць трое малых - дзевяцігадовы Цімафей, пяцігадовы Ціхамір і двухгадовы Ціхан - на распараджэньне старшыні таварыства ўласьнікаў было адключанае энэргазабесьпячэньне.

«З плацяжамі за электраэнэргію ў нас усё ў парадку, - сьцьвярджае шматдзетная мама. - Так, ёсьць невялічкая запазычанасьць за камунальныя плацяжы - у мужа-прадпрымальніка зь вясны пачаліся праблемы з замовамі, а тут пераезд на новую кватэру, выдаткі на рамонт... У сакавіку перасяліліся і за апошнія месяц-два ўжо амаль разьлічыліся з доўгам. Ня ведаю, чым былі выкліканыя такія жорсткія меры. Я зьвязваю іх з тым, што мой муж, як сябар рэвізійнай камісіі таварыства ўласьнікаў, падпісаў не зусім прыемны для старшыні акт рэвізіі. У выніку ў нас у лядоўні сапсавалася шмат прадуктаў, пральку не ўключыць, дзеці купаюцца ў ваньне пры сьвечках. Як жыць?»

Такая навіна, бясспрэчна, патрабавала неадкладнага рэагаваньня. Даведаюся нумар тэлефона старшыні таварыства ўласьнікаў. Прыемны жаночы голас паведамляе: так, электрычнасьць адключаная. За няплату. Агалоскі інцыдэнту на ўсю краіну старшыня не баіцца. Нават нягледзячы на тое, што даўгоў перад энэргетыкамі сям'я ня мае. Закон нібыта дае ёй права адключыць ў даўжнікоў усё што заўгодна - сьвятло, ваду, каналізацыю. Статус шматдзетных бацькоў, маўляў, зусім не гарантуе адтэрміноўку плацяжоў. Даведаўшыся, што наша размова запісваецца, суразмоўніца зьмяняе тон: усе камэнтары толькі ў працоўны час.

Ўмяшаньне журналіста ніяк не паўплывала на сытуацыю з электрычнасьцю, затое ў наступную раніцу ў дом да Матвеевых прыйшлі прадстаўнікі гімназіі і дзіцячага садка. Патлумачылі, што паступіла трывожная інфармацыя, і яны вымушаныя абсьледаваць умовы пражываньня дзяцей. Вось так. Спачатку ў кватэры, якую шматдзетная сям'я пабудавала з дапамогай дзяржавы, хтосьці сваім аднаасобным рашэньнем стварае непрымальную для дзяцей абстаноўку, а потым туды ідуць правяраючыя...

У размове са мною пэдагогі сьцьвярджаюць: яны ведаюць Матвеевых толькі з добрага боку. Партрэт найстарэйшага, Цімафея, вісіць на Дошцы гонару гімназіі, заўсёды  дагледжаным прыходзіць у садок сярэдняе дзіця, неўзабаве ў групу дзіцячага садка будзе залічаны малодшы. Я таксама пабывала ў сям'і. Пазнаёмілася з малымі, пераканалася ў адсутнасьці электрычнасьці, па-добраму пазайздросьціла арыгінальным ідэям рамонту жытла - Матвеевы пабудавалі адно- і двухпакаёвую кватэры на адной лесьвічнай пляцоўцы і вельмі ўдзячныя за дзяржпадтрымку. Безь яе навасельле было б проста немагчымым. Так, жыць прыходзіцца пакуль на будпляцоўцы - працы ў жытле яшчэ багата, усё ўпіраецца ў фінансы. Але для дзяцей тут ёсьць усё неабходнае. Незвычайныя, дарэчы, і самі бацькі: Натальля скончыла Акадэмію МУС, яе муж Сяргей вучыўся ў расейскай Ваенна-касьмічнай акадэміі, служыў на Байкануры.

Парадокс - сьмелыя, разумныя і рашучыя людзі апынуліся слабымі і бездапаможнымі перад чужой самаўпраўнасьцю. Так, яны не сядзелі склаўшы рукі, пісалі скаргі і хадзілі па інстанцыях, вось толькі паўзьдзейнічаць на старшыню таварыства ўласьнікаў аказалася складана.

«На момант адключэньня мы мелі каля двух мільёнаў рублёў запазычанасьці, - паказвае жыроўкі Сяргей. - Гэта разам з членскімі ўнёскамі. Але гэтым разьлікам мы ня надта давяраем. Нестыковак процьма, тлумачэньняў дамагчыся ня можам. Вось, зірніце, некаторы час нам замест пяці чалавек дасылалі рахункі на дзесяцёх».

Дакумэнты, копіі скаргаў, даведкі з энэргазбыту пра адсутнасьць запазычанасьці за электраэнэргію - тэчка пухне, а ў кватэры па-ранейшаму цёмна. Усе раяць Матвеевым зьвяртацца ў суд, але ж разгляд справы можа расьцягнуцца на некалькі месяцаў...

Сьвятло на гэтую цёмную справу ўрэшце пралілі ў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Міхаіл Атаеў паведаміў: з праблемай ён добра знаёмы, але быў упэўнены, што яна ўжо вырашаная. Старшыню таварыства даўно даручана выправіць непаразуменьне. Растлумачана, што ні электрычнасьць, ні газ кіраўніцтва таварыства ўласьнікаў ня мае права адключаць, бо забесьпячальныя арганізацыі заключылі наўпроставыя дамовы на гэтыя паслугі непасрэдна з жыхарамі. Прававую ацэнку дзеяньням у дачыненьні да Матвеевых дадуць кампэтэнтныя органы.

Здавалася б, канфлікт вычарпаны. Але пасьля таго як у кватэры шматдзетнай сям'і зноў запаліліся лямпачкі, па пошце ім даслалі новую пагрозу. Гэтым разам старшыня таварыства паабяцала дэмантаваць тамбурныя дзьверы... Цяпер Матвеевы баяцца выйсьці з дому, бо раней атрыманы горкі досьвед пераконвае: сумныя «сюрпрызы» цалкам рэальныя. Шпацыры на сьвежым паветры для малых адклалі на потым. Замест таго, каб займацца выхаваньнем дзяцей і прыводзіць у парадак новабудоўлю, Натальля і Сяргей вымушаныя аказваць супраціў - зараз яны па чарзе дзяжураць ля дзьвярэй, якія сталі чарговым каменем перапоны, і паралельна займаюцца зборам дакумэнтаў для падачы пазову ў суд. Сапсаваныя прадукты і нарыхтоўкі, гэтаксама як і выдаткаваныя на пустыя дэбаты нэрвы, трэба, на думку юрыстаў, ацаніць у грашовым эквіваленце.

Антон Волкаў, старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласьці па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі: «Пракуратуры Віцебску даручана правесьці праверку па заяве шматдзетнай сям'і Матвеевых. Дзеяньні старшыні таварыства будуць ацэненыя паводле закону. Варта адзначыць, што ў падобных сытуацыях да сем'яў зь непаўналетнімі дзецьмі, якія з тых ці іншых прычынаў маюць запазычанасьці за камунальныя паслугі, падыходзяць асабліва грунтоўна і асабліва індывідуальна».

Аналізуюцца прычыны і акалічнасьці, максымальна выкарыстоўваюцца адтэрміноўкі пагашэньня плацяжоў. Адключэньне электраэнэргіі - выключная мера.

Рашэньні аб адключэньні электраэнэргіі, адзначылі ва ўпраўленьні жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкаму, прымаюцца рэдка. Што тычыцца сем'яў з маленькімі дзецьмі, то любыя дзеяньні ў адносінах да іх ажыцьцяўляюцца толькі з дазволу органаў апекі.

sb.by