Пракурорскія работнікі вобласьці ў траўні-жніўні бягучага году правялі маніторынг забесьпячэньня бясьпечнага знаходжаньня дзяцей у дзіцячых аздараўленчых арганізацыях, адпаведнасьці патрабаваньням бясьпекі дзіцячых гульнявых пляцовак, школьных і грамадзкіх стадыёнаў. Апроч гэтага праведзенае абсьледаваньне патэнцыйна небясьпечных для дзяцей аб'ектаў, правераная арганізацыя вольнага часу непаўнагадовых, а таксама выкананьне патрабаваньняў заканадаўства аб працы пры працаўладкаваньні непаўнагадовых.
Маніторынг паказаў, што ў большасьці выпадкаў аздараўленчыя ўстановы належным чынам падрыхтаваныя да знаходжаньні дзяцей. Аднак асобныя парушэньні заканадаўства выяўленыя ў аздараўленчых установах Бешанковіцкага, Верхнядзьвінскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Аршанскага, Сеньненскага, Талачынскага, Чашніцкага раёнаў і Віцебску. У прыватнасьці, не былі прыведзеныя ў парадак тэрыторыі лягераў, не прыдатныя для эксплёатацыі дзіцячыя немэханізаваныя атракцыёны, выяўленыя парушэньні санітарна-гігіенічных нормаў і правілаў, а таксама патрабаваньняў пажарнай бясьпекі.
Праблемным застаецца пытаньне забесьпячэньня бясьпекі дзяцей на гульнявых пляцоўках населеных пунктаў вобласьці. Парушэньні патрабаваньняў заканадаўства па іх утрыманьні і эксплёатацыі выяўленыя ў Віцебску, Наваполацку, Бешанковіцкім, Браслаўскім, Віцебскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Докшыцкім, Дубровенскім, Мёрскім, Аршанскім, Полацкім, Пастаўскім, Расонскім, Сеньненскім, Талачынскім, Чашніцкім і Шумілінскім раёнах. «Часьцяком гульнявое абсталяваньне пашкоджанае, неналежным чынам замацаванае, на пляцоўках ня скошаная трава, пясочніцы не засыпаныя пяском, засьмечаныя дзіцячыя збудаваньні і самі пляцоўкі», – адзначыла пракурор.
Яна нагадала, што ў мэтах выкананьня пратаколу міжведамаснай нарады пракуратуры Віцебскай вобласьці і Віцебскага аблвыканкаму па пытаньнях папярэджаньня гібелі дзяцей мясцовым органам улады было даручана ў найкарацейшыя тэрміны сфармаваць пералік патэнцыйна небясьпечных аб'ектаў і месцаў знаходжаньня непаўнагадовых. Але ў адміністрацыях раёнаў Віцебску і Лепельскім райвыканкаме на момант абсьледаваньня такія сьпісы адсутнічалі.
Асаблівую ўвагу пракуратура надала Сеньненскаму раёну, дзе гэтым летам адбылася трагедыя – у чэрвені ў штучным вадаёме патанулі трое малалетніх дзяцей (дзеці каталіся на самаробным плыце). Выяўлена, што гэты вадаём фактычна зьяўляецца безгаспадарным аб'ектам, які доўгі час не выкарыстоўваецца і нясе пагрозу для жыцьця і здароўя людзей. Ля берагоў вадаёму разьмешчаныя небясьпечныя адхоны, значная частка берагоў з рэзкімі абрывамі вышынёй да паўтара мэтру, падыходы да вадаёму зарасьлі травой і хмызьнякамі. «У пашпарт Сеньненскага раёну аб патэнцыйна небясьпечных аб'ектах гэты штучны вадаём ня ўключаны, нягледзячы на тое, што ён уяўляе відавочную пагрозу ня толькі для дзяцей, але і для дарослых. Абсьледаваньне вадаёму не праводзілася», – канстатавала Ірына Тарасевіч.
Адзінкавыя парушэньні заканадаўства па фармаваньні студэнцкіх атрадаў, арганізацыі працы непаўнагадовых выяўленыя ў Глыбоцкім, Докшыцкім і Аршанскім раёнах.
У сувязі з выяўленымі парушэньні заканадаўства, накіраванага на забесьпячэньне бясьпекі дзяцей, пракурорамі вынесена больш за 50 актаў пракурорскага нагляду, па выніках разгляду якіх прынятыя меры па ліквідацыі выяўленых парушэньняў, прычын і ўмоў, якія ім спрыяюць, вінаватыя службовыя асобы прыцягнутыя да вызначанай заканадаўствам адказнасьці.
Крыніца: БелТА