Апошняе паседжаньне раённага суду адбылося 29 траўня, прыняцьце рашэньня адкладзенае. Сям’ю з малымі нельга проста выселіць на вуліцу. Хоць па законе, калі ніводзін з бацькоў не працуе ў гаспадарцы, памяшканьне трэба вызваліць. Тым больш што «Заазер’ю» патрэбныя мэханізатары, жывёлаводы, спэцыялісты, і тут існуе чарга маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў.
Фармальна ўсё быццам бы правільна: жытло давалася на пэрыяд працы ў сельскагаспадарчым фiлiяле. Па сутнасьці ж узьнікае нямала пытаньняў.
«Разам з мужам мы працавалі ў гаспадарцы з 2004 году: я – даяркай, ён – сьлесарам на малочна-таварнай фэрме ў вёсцы Зьвязда, – распавядае Надзея Ўладзімераўна. – Заўсёды былі на добрым рахунку. Узнагароджваліся ганаровымі граматамі, я нават езьдзіла ў вобласьць як перадавік жывёлагадоўлі. Муж таксама меў узнагароды. Выхоўваем траіх непаўнагадовых дзяцей ад трох да дзевяці гадоў. У 2012 годзе атрымалі дом у аграгарадку Стаі, да гэтага жылі ў кватэры сьвёкра, дзе было прапісана восем чалавек. Вядома, усьцешыліся. Адразу ж завялі гаспадарку і агарод. Запазычанасьці па аплаце за жытло і камунальныя паслугі няма. Калі зламаўся газавы кацёл, самі аплацілі 2,7 мільёна рублёў за яго рамонт. Квітанцыю падалі арганізацыі, але ніхто гэтых грошай не вярнуў».
Сысьці, як распавядае Надзея Ўладзімераўна, з ранейшага месца працы прыйшлося з-за цяжкай абстаноўкі, што склалася на фэрме, і асабістай непрыязнасьці галоўнага заатэхніка. Хоць той жа спэцыяліст у гутарцы з карэспандэнтам вельмі добра адгукаўся аб працы Надзеі і Дзяніса. Зрэшты, вывучаючы абставіны, не ўдалося сустрэць ніводнага чалавека, які сказаў бы нешта дрэннае пра гэтых адказных і дысцыплінаваных жывёлаводаў. Хіба што, паводле словаў Надзеі, некаторыя спрабавалі папракнуць: маўляў, дзецьмі прыкрываецеся, можам і наогул іх забраць у прытулак. У гэтай сытуацыі сям’ю падтрымалі ГА «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» і чалец Нацыянальнай камісіі па правох дзіцяці пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь Тацьцяна Краўчанка.
Але чаму ўсё ж Дзяніс і Надзея вырашылі звольніцца? Жанчына тлумачыць так: «Нам стварылі такія ўмовы, што працаваць стала немагчыма. Дый не толькі нам. Была звольненая ў сувязі са сканчэньнем кантракту былая загадчыца фэрмы і адноўленая ў ранейшай пасадзе на рашэньне суду. Але, атрымаўшы кампэнсацыю за вымушаныя прагулы, яна ўсё роўна пакінула працу. Нас абвінавачвалі ў тым, што нібыта знарок дадаём кіслату ў малако, каб пагоршыць якасьць прадукцыі. Выходзіць, я сама сабе шкодзіла, паколькі адразу ж падаў заробак. Апошнім часам атрымлівала ня болей за два мільёны, хоць да гэтага заробкі былі годныя… Сёньня на фэрме суседняй гаспадаркі КУСГП «Лепельскае», куды перайшлі разам з мужам, мая зарплата складае 6-7 мільёнаў рублёў у месяц. Гаспадарка будуе жытло, і нам прапанавалі пераехаць у новы дом. Але ў такім выпадку дзяцей прыйдзецца вадзіць у сад і школу за некалькі кілямэтраў, зноўку ўладкоўваць падворак, кінуць агарод і г.д. Да таго ж, навучаныя горкім вопытам, мы баімся: а раптам і там не складуцца адносіны і прыйдзецца мяняць працу? Зноў запатрабуюць вызваліць памяшканьне?»
Нярэдка гаспадаркі запрашаюць запатрабаваных жывёлаводаў ледзь не з усяго сьвету, а тут зь лёгкасьцю рассталіся з добрымі работнікамі. Больш таго, Надзею мелі намер звольніць па артыкуле. І толькі ўмяшаньне прафсаюзу дапамагло ўрэгуляваць спрэчныя пытаньні.