Такія лічбы былі агучаныя падчас нядаўняга паседжаньня калегіі пракуратуры Віцебскай вобласьці.
Устойлівая крыміналізацыя…
Адзначалася, што рэалізацыя мерапрыемстваў, пакліканых папярэдзіць гвалт у сям’і (у тым ліку – ліквідаваць прычыны і ўмовы, якія спрыяюць зьдзяйсьненьню злачынстваў на глебе сямейна-бытавых канфліктаў) і пракурорскі нагляд у гэтай сфэры ня цалкам адпавядаюць прад’яўленым патрабаваньням.
“Крыміналізацыя сфэры быту па-ранейшаму мае ўстойлівы характар і адрозьніваецца значнай колькасьцю штогод зьдзейсьненых злачынстваў супраць асобы”, – гаворыцца ў паведамленьні аблпракуратуры.
Між тым, паводле пракурорскай статыстыкі, колькасьць асобаў, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці за зьдзяйсьненьне гвалту ў сям’і зьнізілася ў параўнаньні зь леташнімі паказьнікамі на 1,8% (4698 прыцягнутых да адказнасьці).
Церпяць дзеці
Дагэтуль актуальнае пытаньне абароны правоў дзяцей, якія церпяць ад тыранства і гвалту ў сем’ях.
Паводле зьвестак пракуратуры, у 2018 годзе (10 месяцаў) распачатыя крымінальныя справы супраць членаў сямей аб гвалтоўных злачынствах у дачыненьні 11 дзяцей.
У тым ліку – за гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні малалетніх, катаваньні, давядзеньне да самагубства, пагрозы забойства ды іншае.
Паведамляецца, што за мінулы пэрыяд 2018 году ў “крызісных пакоях”, створаных для аказаньня дапамогі ахвярам сямейнага гвалту, знайшлі прытулак 44 чалавекі. Між тым, стан гэтых “крызісных” памяшканьняў ды ступень іх прыдатнасьці выклікае вялікія пытаньні.
Лукашэнка: Усё гэта глупства…
Нагадаем, у Беларусі так і ня быў сёлета прыняты Закон аб сямейным гвалце. Ужо падрыхтаваны законапраект быў у кастрычніку “жэстачайшэ” раскрытыкаваны Аляксандрам Лукашэнкам.
“Усё гэта глупства, узятае перадусім з Захаду. Трэба сыходзіць з той сытуацыі, якая ў нас складваецца. І не пляскач, а добры рэмень таксама часам карысны для дзіцяці”, – казаў Лукашэнка.
Тым часам на пляцоўцы Petitions.by зьбіраюцца подпісы пад калектыўным зваротам, аўтары якога патрабуюць неадкладнай распрацоўкі і прыняцьця закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту ў Беларусі. За тры дні пад пэтыцыя падпісаліся ўжо каля 1000 чалавек.
Зьміцер Міраш