Нагадаем, бацькі віцебскіх фігурыстаў скардзіліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта на тое, што пасьля прыезду ў Віцебск новага расейскага трэнэра іх дзяцей пазбавілі лёду, паўнавартасных трэніровак і магчымасьці разьвівацца. Кіраўніцтву абласнога цэнтру алімпійскага рэзэрву (ЦАР) зімовых відаў спорту залагодзіць канфлікт тады не ўдалося.
“Тое, што тут адбываецца, – ненармальна”
На сустрэчы з бацькамі ў Віцебскім лядовым палацы спорту акрамя намесьніка міністра і кіраўнічкі саюзу канькабежцаў прысутнічалі начальнік Віцебскага абласнога ўпраўленьня спорту і турызму Васіль Захарэвіч, кіраўнік абласнога Цэнтру алімпійскага рэзэрву зімовых відаў спорту Ільля Смунёў, трэнэры ды іншыя службовыя асобы.
Намесьнік міністра спорту і турызму Аляксандар Барауля на пачатку зазначыў, што сытуацыя зь фігурным катаньнем у Віцебску выклікае вялікую трывогу.
Падчас сустрэчы: Аляксандар Барауля (зьлева), Юлія Комлева, Васіль Захарэвіч, Ільля Смунёў (стаіць)
“Тое, што тут адбываецца, – гэта ненармальна. І мы сюды прыехалі, каб не высьвятляць нейкія адносіны. Нас цікавіць перадусім разьвіцьцё фігурнага катаньня ў Віцебску і Віцебскай вобласьці. І пазыцыя міністэрства заключаецца ў тым, каб даць дзецям магчымасьць раскрыць свае таленты і максымальна паказаць тыя вынікі, на якія яны здольныя”, – сказаў Аляксандар Барауля.
Ён запэўніў бацькоў, што вельмі ўважліва вывучыў іх скаргі. Зазначыў, што гэтыя праблемы характэрныя для фігурнага катаньня - у гэтым відзе спорту яны найчасьцей маюць асабісты характар. Папрасіў прысутных выказацца.
“Мы ж такога камфортнага раскладу ніколі ня бачылі!”
Бацькі расказалі, што за дзень да прыезду міністэрскай камісіі зь імі правялі сход прадстаўнікі Віцебскага абласнога ўпраўленьня спорту і турызму. У выніку быў скасаваны падзел лёду паміж групамі і створаны дастаткова зручны расклад заняткаў для групы маладой трэнеркі Крысьціны Салдатавай.
Бацькі фігурыстаў за некалькі хвілін да сустрэчы
У той жа час маці выказалі асьцярогу, што пасьля ад’езду высокіх чыноўнікаў усё вернецца да ранейшага.
“Які быў расклад і як ён зьмяніўся пасьля выхаду артыкулаў! Як яно ўсё кардынальна зьмянілася з вашым прыездам! Мы ж такога камфортнага раскладу ніколі ня бачылі. Але мы ня радуемся, бо вы ж зьедзеце…” – казала адна з маці.
“Я вам скажу: нічога падобнага! Віцебск мне вельмі падабаецца. Я ж тут майстра спорту выконваў, я сам з грэка-рымскай барацьбы. Таму можа быць і другі, і трэці прыезд”, – адказаў Аляксандар Барауля, паабяцаўшы цяпер ужо трымаць сытуацыю на кантролі.
“Каб зьняць канфлікт, трэба размаўляць… З вамі не размаўлялі”
Што да падзелу лёду паміж трэнэрамі і сутнасьці самога канфлікту, Барауля выказаў найперш вялікія прэтэнзіі да начальніка абласнога Цэнтру алімпійскага рэзэрву Ільлі Смунёва, бо кіраўніцтва згубіла жывы кантакт з бацькамі спартоўцаў. Паводле словаў маці фігурыстаў, зь імі ў новым сэзоне не правялі аніводнага сходу.
“Павінны быць аднолькавыя стандарты для ўсіх. Аднолькавыя ўмовы. І ёсьць людзі, якія пакліканыя за гэта адказваць. Я спытаю зь іх. Каб зьняць канфлікт, трэба размаўляць, тлумачыць, шукаць кампраміс. З вамі не размаўлялі. Тут давялі да крайнасьці”, – абураўся намесьнік міністру.
Між тым, Аляксандар Барауля агучыў прынцыповую пазыцыю наконт дачыненьняў “бацькі – трэнэр”:
“Усё, што тычыцца пытаньняў бясьпекі, несправядлівага стаўленьня да дзіцяці, іншыя нэгатыўныя фактары – гэта ўсё я разумею, бо сам бацька. Але цалкам не разумею, калі бацькі пачынаюць камандаваць трэнерам. А ёсьць такія выпадкі. Гэтага не прымаю”.
Чаму не хапае лёду
Чыноўнік Мінспорту папрасіў таксама патлумачыць яму праблему недахопу лёду.
Паводле словаў начальніка Віцебскага абласнога ўпраўленьня спорту і турызму Васіля Захарэвіча, праблема мае аб’ектыўны характар. Бо на пляцоўцы віцебскага Лядовага палацу трэніруюцца зараз ня толькі хакеісты ХК “Віцебск”, але і наваполацкага “Хіміку”, а яшчэ ладзяцца трэніроўкі ў шорт-трэку.
Менавіта з гэтай прычыны зрабіць больш-менш стабільны расклад для фігурыстаў, хаця б на месяц наперад, пакуль што нерэальна (лёдам распараджаецца Палац спорту, а ня ЦАР). Але ў будучым і гэтую праблему можна будзе вырашыць, запэўніў Захарэвіч.
Трэніравацца на адным лёдзе можна ўсім
Аляксандар Барауля таксама зьдзівіўся, чаму ў Віцебску на адным лёдзе ня могуць адначасова трэніравацца юныя і дарослыя фігурысты, калі іх усяго 11 чалавек (нагадаем, у Віцебску яны каталіся паасобку, праз што бракавала лядовых гадзін).
Аўтарытэтны камэнтар на гэты конт зрабіла старшыня Беларускага саюзу канькабежцаў Юлія Комлева, якая раней працавала старэйшым трэнэрам нацыянальнай каманды Беларусі па фігурным катаньні.
“Ва ўсім сьвеце, калі на лёдзе працуе некалькі трэнэраў, падрыхтоўка ладзіцца такім чынам, каб месца і часу хапала ўсім. І калі ў нас катаецца дарослы спартовец адзіночнага катаньня, мы павінны разумець, што яму аддаецца нейкі прыярытэт, але, пры ўзаемным жаданьні двух трэнэраў, праца можа быць наладжана эфэктыўна”, – сказала Юлія Комлева.
“Прыйшоў час зьмяніць погляды”
Напрыканцы сустрэчы Аляксандар Барауля падзякаваў бацькам за неабыякавасьць (“Добра, што ўсчалі крык у такой сытуацыі!”) і паабяцаў, што праблемы будуць вырашаныя, а іх вырашэньне будзе на пастаянным кантролі міністэрства.
Намесьнік міністра паведаміў таксама, што напярэдадні Чэмпіянату Эўропы, які пройдзе 21-27 студзеня 2019 году ў Менску, фігурнаму катаньню ўдзяляецца асабліва пільная ўвага. Адбыліся пазытыўныя зьмены ў фэдэрацыі. Фігурнае катаньне па папулярнасьці ў насельніцтва Беларусі ўваходзіць зараз у тройку лідэраў. Колькасьць тых, хто займаецца гэтым відам спорту, дасягнула 1100 чалавек.
“Гэта афіцыйныя дадзеныя, у рэальнасьці ж – нашмат больш”, – запэўніў намесьнік міністра.
“І яшчэ раз кажу, што такія праблемы, як у Віцебску, у нас ёсьць і ў Берасьці, і ў Гомлі і г.д. Але ёсьць ужо ў нас і дакладная праграма, і канцэпцыя, якімі крокамі будзем рухацца наперад”, – сказаў Аляксандар Барауля.
У прыватнасьці, паабяцаў, што будуць унесеныя карэктывы ў вучэбную праграму і навучальны плян. Больш увагі будзе ўдзяляцца падвышэньню ўзроўню майстэрства трэнэраў і спартоўцаў.
“Дзесьці пусьцілі на самацёк. І трэнэры варацца ў сваёй кашы, у сваім чыгунку. І зараз прыйшоў, напэўна, час памяняць погляды на гэта. Наогул зьмяніць погляды на тое, што мы робім у фігурным катаньні”, – падсумаваў Аляксандар Барауля.
Зьміцер Міраш