Тэндэр на закупку спартовага інвэнтару быў аб’яўлены 9 лістапада. Аддзел адукацыі Першамайскага раёну Віцебску выставіў на аўкцыён 5 лотаў. Мяркуе купіць 1533 пар лыжаў (кошт 92000 руб.), столькі ж пар лыжных палак (31000 руб.), мацаваньняў (22000 руб.) і лыжных чаравікаў (86000 руб.), а таксама 642 пары хакейных канькоў (40000 руб.). Агулам – на 271 тыс. рублёў.
Таргі прызначаныя на 6 сьнежня. Тэрмін пастаўкі – ад 21-га да 26-га сьнежня.
У паведамленьні пракуратуры Віцебску, апублікаваным на сайце Віцебскага гарвыканкаму, гаворка ішла пра “частку спартовага інвэнтару”, які знаходзіўся на момант праверкі ў непрыдатным для выкарыстаньня стане.
“Чаравікі зношаныя, парваныя, лыжы паламаныя, адсутнічаюць лыжныя мацаваньні”, – паведамляла пракуратура.
Такія парушэньні былі зафіксаваныя, у прыватнасьці, у сярэдніх школах Віцебску №№ 45, 43, 28,17,16, 9, 7, а таксама ў гімназіі №7 ды іншых установах.
“Поруч з разьбітай лыжнай экіпіроўкай, непрыдатнымі для заняткаў аказалася частка іншага спартовага абсталяваньня: мячы, баскетбольныя шчыты, маты, сеткі. Такія парушэньні былі выяўленыя практычна ва ўсіх навучальных установах гораду” – адзначалася ў выніках пракурорскай праверкі.
Паводле афіцыйных зьвестак, ад 1 верасьня 2018 году ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі Першамайскага раёну Віцебску навучаюцца 18 тыс. 738 дзяцей.
Зьміцер Міраш