Аўторак, 25 Люты 2020

Палітвязьня Міхаіла Жамчужнага этапавалі ў віцебскі СІЗА №2

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
СІЗА-2 у Віцебску СІЗА-2 у Віцебску

Палітвязьня Міхаіла Жамчужнага этапавалі ў сьледчы ізалятар №2 (СІЗА-2) у Віцебску. Пра гэта палітвязень паведаміў у лісьце праваабаронцу Леаніду Сьвеціку. Прычынай такога нечаканага перамяшчэньня Жамчужнага стала аднаўленьне папярэдняга расьсьледаваньня Упраўленнем сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці.

«Па выніках маіх заяваў, пачынаючы ад УСК па Віцебскай вобласьці да Адміністрацыі прэзыдэнта, нарэшце аднавілі папярэдняе расьсьледаваньне. Гаворка ідзе аб маім поўным апраўданьні па ўсіх трох прысудах. Для гэтага мяне выклікалі на допыт у Віцебск», – паведаміў палітвязень у лісьце.

Перад тым як вярнуцца ў свой родны горад Міхаіл Жамчужны правёў 7 дзён у магілёўскай турме.

Порцыі ў магілёўскай турме ўдвая большыя, чым у Горках

Па словах Жамчужнага, умовы ўтрыманьня ў магілёўскай турме, ў параўнаньні з горацкай калёніяй, можна назваць эўрапейскімі.

Па ягонай заяве адміністрацыя турмы зьмясьціла яго ў адзіночную камэру. Як адзначае палітвязень, у камэры былі ўсе неабходныя ўмовы для адпраўленьня асабістых патрэбаў і падтрыманьня гігіены. Прыемна зьдзівіла палітвязьня наяўнасьць у камэры вокнаў, прымусовай вентыляцыі, нармальнай тэмпэратуры.

Як піша, такога ён даўно не сустракаў у месцах зьняволеньня. Наяўнасць відэаназіраньня у камэры яго не зьбянтэжыла. Больш за тое, Жамчужны палічыў гэта станоўчым момантам, бо ў выпадку нейкіх праблем са здароўем у зьняволеных, відэаназіраньне дапамагло б своечасова выявіць іх і аказаць хуткую дапамогу.

Яшчэ больш Жамчужнага зьдзівіў рэжым харчаваньня і яго рацыён. Адзначае, што порцыі ці не ўдвая больш за тыя, што даюць у горацкай калёніі.

«Аўтазакі зробленыя з розумам і праслужаць доўга…»

Канваяваньні з Горак у Магілёў, а адтуль – у Віцебск прайшлі без праблем і прыгод. Жамчужны піша, што за апошнія 5 гадоў тэхнічная база ДВП прыкметна палепшала.

«Я ў захапленьні ад арганізацыі этапаў. Этапныя вагоны і аўтазакі зробленыя надзейна, з розумам і праслужаць доўга. Гэта я як інжынер-тэхноляг кажу», – дзеліцца ўражаньнямі Жамчужны.

Ён быў уражаны дасьведчанасьцю канвою і адміністрацыі віцебскага СІЗА аб абставінах адбываньня пакараньня ў Горках.

«Яны былі вельмі здзіўленыя, што мне больш за 70 парушэнняў рэжыму былі прызначаныя адміністрацыяй калёніі за маю адмову пайсьці ў 13-ты атрад Горацкай папраўчай калоніі, пра які ходзіць благая слава», – паведаміў палітвязень.

«Калі турма №4 у Магілёве – гэта Эўропа, то СІЗА-2 – Амэрыка…»

Жамчужны таксама заўважыў прыкметнае паляпшэньне ўнутранага ўладкаваньня Віцебскага следчага ізалятара.

«Калі турма №4 у Магілёве – гэта Эўропа, то СІЗА-2 стала Амэрыкай. У камэры падвесныя столі, вокны без «расьнічак», батарэі цёплыя і сучаснай канструкцыі, прыбіральня-кабінка зь дзьвярыма, зручны ложак і рукамыйніца з гарачай вадой. У камэры дзейнічае двухбаковая сувязь, ёсьць вялікая скрыня для харчоў і асабістых рэчаў. Прагулачны дворык з празрыстым плястыкавым дахам абкладзены пліткай…» – расказвае ў лісьце Жамчужны.

Палітвязьню было ў навіну, што ў СІЗА-2 зараз працуюць «амазонкі ў камуфляжнай форме», якія кажуць яму «дабранач» і «дабранак». Што праўда, робяць гэта праз «гукавую сувязь камэры».

Міхаіл Жамчжны ня ведае пакуль, колькі часу прабудзе ў віцебскім СІЗА, але паспрабуе скарыстацца гэтай магчымасьцю, каб палепшыць сваё становішча і зьмяніць свой статус зьняволенага ПК-9. Па традыцыі палітвязень перадае прывітаньні і падзякі ўсім, хто сочыць за яго турэмным быцьцём і падтрымлівае яго ў цяжкіх жыцьцёвых сытуацыях.

Леанід Сьвецік: Будзем пільна сачыць за выкананьнем нормаў

«Віцебскія праваабаронцы будуць пільна сачыць за выкананьнем працэсуальных нормаў пры расьсьледаваньні крымінальных справаў, у межах якіх Міхаіл Ігаравіч панёс пакараньні», – паведаміў «Віцебская Вясьне» праваабаронца Леанід Сьвецік.

«У бліжэйшы час для нас гэта будзе прыярытэтнай дзейнасьцю», – дадаў праваабаронца.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.