Чацвер, 23 Студзень 2020

Віцебскія праваабаронцы паўдзельнічалі ў «круглым стале» аб’яднаньняў і партый

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Павал Левінаў падчас паседжаньня Павал Левінаў падчас паседжаньня

У сераду 22 студзеня ў Віцебскім філіяле міжнароднага ўнівэрсытэту МІТСО прайшло першае ў 2020 годзе паседжаньне круглага стала грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партый. Нечакана ўзяць удзел у сустрэчы запрасілі і віцебскіх праваабаронцаў.

На пасяджэньні прысутнічалі прадстаўнікі аблвыканкаму, дэпутаты аблсавету, прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі, ЛДПБ, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, фонду Міра, прадстаўнікі вэтэранскіх арганізацый і творчых саюзаў. Упершыню на сустрэчу былі запрошаныя праваабаронцы зь Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Круглы стол быў прысьвечаны ўзаемадзеяньню прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і абласных уладаў з нагоды сьвяткаваньня 75-годзьдзя Перамогі над фашызмам.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня Віцебскага аблвыканкаму Генадзь Ягораў паведаміў пра тое, што робяць улады для забесьпячэньня сацыяльных правоў і гарантый вэтэранаў і ўдзельнікаў вайны. Расказаў, што ў Віцебскай вобласьці ўдзельнікаў і вэтэранаў вайны з кожным годам становіцца ўсё менш. На пачатак 2020-га ў рэгіёне іх налічвалася толькі 727 чалавек (на 230 чалавек менш, чым на канец 2018 году). Чыноўнік запэўніў, што дзяржаўныя органы заўсёды цікавяцца ўмовамі жыцьця вэтэранаў, дапамагаюць ім з рамонтам жыльля, падвышаюць якасьць паслуг.

Генадзь Ягораў (у цэнтры)

Генадзь Ягораў паведаміў, што на 2020 год зь бюджэту вылучана 3,6 млн. рублёў на аднаразовыя грашовыя выплаты вэтэранам, інвалідам вайны ды іншым катэгорыям грамадзян, датычных да падзей Другой сусьветнай вайны. Да прыкладу, вэтэраны і інваліды вайны атрымаюць 1700 рублёў, а тыя людзі, якія працавалі на ваенных прадпрыемствах, – 900 рублёў.

Прысутныя далі высокую ацэнку дзеяньням грамадзтва і дзяржавы ў падтрымцы вэтэранаў, інвалідаў і ўдзельнікаў вайны і выказалі надзею, што гэты клопат захаваецца ў бліжэйшыя гады.

Леанід Сьвецік

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.