Аўторак, 18 Люты 2020

За наркотыкі ў 2019 годзе былі асуджаныя 52 падлеткі, не пакаралі толькі аднаго

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Працэс над падлеткамі ў Віцебску. 2019 год Працэс над падлеткамі ў Віцебску. 2019 год

За незаконнае абарачэньне наркотыкаў (арт. 328 КК) у 2019 годзе ў Беларусі асудзілі 52-х непаўнагадовых асобаў. Паводле выраку судоў 31 падлетак трапіў у месцы пазбаўленьня волі, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь.

Паводле артыкулу 328 Крымінальнага Кодэксу (Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў), у 2019 годзе былі асуджаныя 52 падлеткі. Найчасьцей непаўнагадовым інкрымінавалі частку 1-ю і частку 3-ю артыкулу 328 (па 23 чалавекі).

Паводле статыстыкі Вярхоўнага суду, 31 падлетак (59,6%) быў асуджаны да пазбаўленьня волі, 10 чалавек (19,2%) – да абмежаваньня волі, 8 асобаў атрымалі адтэрміноўку выкананьня пакараньня і толькі адзін падлетак быў вызвалены ад пакараньня.

Наагул жа, за злачынствы, прадугледжаныя арт. 328, летась асудзілі 2191 асобу. З гэтай колькасьці 638 чалавек былі асуджаныя паводле частак 2-5 «антынаркатычнага» артыкулу, 99,7% зь іх апынуліся за кратамі, то бок прысуджаныя да пазбаўленьня волі.

За ўчыненьне іншых злачынстваў летась асудзілі 727 падлеткаў. Найчасьцей непаўнагадовых судзілі за злачынствы супраць уласнасьці і парадку ажыцьцяўленьня эканамічнай дзейнасьці (за крадзеж – 274 чалавекі).

З 727 асуджаных 90 падлеткаў пакараныя пазбаўленьнем волі.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.