Субота, 11 Май 2019

Віцебскі судзьдзя Ільля Белавус зноў застанецца бяз прэміі?..

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Судзьдзя Ільля Белавус Судзьдзя Ільля Белавус

Судзьдзя Кастрычніцкага суду Віцебску Ільля Белавус у пастанове, якую склаў на актывіста Уладзімера Кійко, памылкова ўказаў, што той меў раней адміністрацыйныя спагнаньні. Як палічыў праваабаронца Павал Левінаў гэтым самым Белавус замахнуўся на гонар і годнасьць грамадзяніна і папрасіў Вярхоўны суд разгледзець пытаньне аб прафпрыдатнасьці судзьдзі.

У звароце на імя старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы праваабаронца падкрэсьліў, што ў адпаведнасьці з палажэньнем арт. 2.8 КаАП РБ той, хто цягам году не зьдзяйсьняе новых адміністрацыйных правапарушэньняў, лічыцца асобай, якая не была пад адміністрацыйным спагнаньнем. Левінаў цытуе таксама арт. 2.5 ПВКаАП РБ, паводле якога пры вядзеньні адміністрацыйнага працэсу забараняюцца дзеяньні і рашэньні, якія б прыніжалі гонар і прымяншалі годнасьць асобы ўдзельнікаў працэсу.     

“Такім чынам, судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Белавус І.У. ня толькі парушыў права грамадзяніна Кійко на прэзумпцыю невінаватасьці, гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыяй РБ, але і замахнуўся на яго гонар і годнасьць”, – сьцьвярджаў у звароце Павал Левінаў.

Праваабаронца прасіў даць дзеяньням судзьдзі прававую ацэнку, а таксама разгледзець пытаньне аб прафэсійнай прыдатнасьці судзьдзі Белавуса.

Левінаву адказаў першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Анатоль Фаменка. Напісаў пра тое, што судзьдзя Белавус сапраўды зрабіў памылку ва ўступнай частцы пастановы, і нагадаў, што пастановай Віцебскага абласнога суду ад 2 траўня пастанова райсуду была зьмененая. Цяпер яна ўтрымлівае ўказаньне, што “Кійко. У.У. раней ня быў пад адміністрацыйным спагнаньнем”.   

“Пры вырашэньні пытаньня аб штомесячным прэміяваньні зьмены, якія адбыліся ў судовай пастанове, будуць улічаныя. Падставаў для дадатковых мераў рэагаваньня, з улікам сутнасьці ўчыненага парушэньня, ня маецца”, – гаворыцца ў адказе Вярхоўнага суду.

 

Прадстаўнік БХК у Віцебску і Віцебскай вобласьці Павал Левінаў ня першы раз зьвяртае ўвагу Вярхоўнага суду на непрафэсійнасьць судзьдзі суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Ільлі Белавуса. Таксама не ўпершыню Вярхоўны суд абяцае ўлічыць памылкі судзьдзі пры яго прэміяваньні. Але далей ня ідзе.

Нагадаем, раней Ільля Белавус сказіў у пастанове прозьвішчы пацярпелых, а адной зь іх – нават фізычны пол. Гэтыя памылкі заўважыў падчас маніторынгу судоў праваабаронца і напісаў у Вярхоўны суд, які паабяцаў, што гэтае парушэньне судзьдзі адаб’ецца на суме ягоных прэміяльных.

У красавіку 2019 году Павал Левінаў зноў прасіў даць прававую ацэнку дзеяньням таго ж самага судзьдзі Белавуса, які абавязаў віцяблянку заплаціць дзяржаўную пошліну за падачу скаргі ў інтарэсах 8-гадовага дзіцяці. Але ў той сытуацыі Вярхоўны суд парушэньняў з боку судзьдзі не знайшоў.

Раней "Віцебская вясна" пісала пра тое, як Павал Левінаў разьвёў віцебскіх судзьдзяў-сужэнцаў Алену Протас і Яўгена Бурунова па розных спэцыялізацыях.

Зьміцер Міраш