Павал Левінаў зьвярнуў увагу на тое, што судзьдзя Яўген Буруноў уваходзіць у склад судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду. Калегія пераглядае ў апэляцыйным парадку прысуды па крымінальных справах і пастановы па адміністрацыйных справах, вынесеныя ў тым ліку судзьдзёй суду Першамайскага раёну Віцебску Аленай Протас. Між тым, Яўген Буруноў і Алена Протас ёсьць мужам і жонкай.
“Мяркую, што такая сытуацыя патрабуе разьвязаньня шляхам зьмены спэцыялізацыі аднаго з сужэнцаў Протас-Буруновых альбо іншым чынам”, – напісаў у сваім звароце ў Вярхоўны суд Павал Левінаў.
На зварот праваабаронцы адказаў намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч. Ён пацьвердзіў інфармацыю аб тым, што Буруноў і Протас, якая спэцыялізуецца на разглядзе крымінальных і адміністрацыйных справаў у Першамайскім судзе Віцебску, знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе.
“Паводле інфармацыі Віцебскага абласнога суду праз тое, што названыя судзьдзі зьяўляюцца сужэнцамі, судзьдзі Бурунову не даручаецца ўдзел у разглядзе крымінальных справаў і матэрыялаў, а таксама справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, рашэньні па якім пастаноўленыя судом Першамайскага раёну Віцебску, у тым ліку непасрэдна судзьдзёй Протас”, – тлумачыць у адказе Руслан Аніскевіч.
Але ніжэй дадае: “Разам з тым, старшыням Віцебскага абласнога суду і суду Першамайскага раёну г. Віцебску даручана разгледзець пытаньне аб зьмене судзьдзі Протас А.С. спэцыялізацыі на разгляд грамадзянскіх справаў”.
Судзьдзя Яўген Буруноў працаваў раней у Кастрычніцкім судзе Віцебску, быў старшынём суду. У 2010 годзе судзіў віцебчука Сяргея Каваленку за бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ялінцы (тры гады абмежаваньня волі), у 2011-м – актывістку Тацяну Севярынец – за малітву на Усьпенскай горцы. Праваабаронца Павал Левінаў неаднойчы скардзіўся на дзеяньні судзьдзі Бурунова ў Вярхоўны суд.
Алена Протас таксама раней працавала ў судзе Кастрычніцкага раёну. Як прыклад, у 2013 годзе судзіла сябраў БНФ Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава (штрафы па 30 б.в.), сем разоў адмовіўшы ў хадайніцтвах аб удзеле ў працэсе перакладчыка…
Зьміцер Міраш