Перагляд справаў у Віцебскім абласным судзе адбыўся 2 траўня. Скаргі Яраслава і Ўладзімера Кійко разглядала судзьдзя Ірына Смалякова, скаргу Міколы Качурца – судзьдзя Сьвятлана Іванова.
Віцябляне адзначалі, што ў іх дзеяньнях – фатаграфаваньні з нацыянальным сьцягам – адсутнічаў склад адміністрацыйнага правапарушэньня. Прыводзілі ў скаргах шмат аргумэнтаў на карысьць таго, што гэта не было незаконным пікетаваньнем, і што дзяржава, пакараўшы іх, парушыла адразу некалькі артыкулаў Канстытуцыі РБ і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Яраслаў Кійко падчас паседжаньня зьвярнуў увагу суду, што бел-чырвона-белы сьцяг не забаронены ў Беларусі, казаў, што судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Уладзімер Царыкаў карыстаўся вельмі размытымі азначэньнямі “пікетаваньня”.
Нязгоду з рашэньнем Кастрычніцкага суду выказаў і Уладзімер Кійко. Ён нагадаў, што 11 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну ў розных залях адначасова разглядаліся адразу тры справы па фатаграфаваньні са сьцягам – і па ўсіх трох былі вынесеныя цалкам аднолькавыя рашэньні. У сувязі з гэтым выказаў здагадку, што паміж судзьдзямі існавала папярэдняя дамоўленасьць. Апроч таго, зазначыў, што ў пастанове судзьдзі Ільлі Белавуса ёсьць памылка, бо там сьцьвярджаецца, што Уладзімер неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, хаця для яго гэта было ўпершыню.
Віцябляне прасілі адмяніць пастановы суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ад 11 красавіка 2019 году, а справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях – спыніць. Але просьбы былі не пачутыя.
Судзьдзі Ірына Смалякова і Сьвятлана Іванова пастанавілі пакінуць скаргі заяўнікаў без задавальненьня, а пастановы суду Кастрычніцкага раёну ў дачыненьні Яраслава Кійко і Міколы Качурца - бязь зьменаў. Што тычыцца пастановы ў дачыненьні Ўладзімера Кійко, судзьдзя зьмяніла яе толькі ва ўводнай частцы, дзе гаворыцца, што Кійко раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці (зьменена на "не прыцягваўся").
Перагляд справы Міколы Качурца адбыўся без ягонага ўдзелу.
Віцябляне зьбіраюцца абскарджваць судовыя рашэньні ў Вярхоўным судзе.
Зьміцер Міраш, С. Горкі