Ці адпавядае судзьдзя займанай пасадзе
У звароце ў Вярхоўны суд Павал Левінаў паведаміў, што судзьдзя Зубеня адмовіў абвінавачанаму ва ўдзеле ў паседжаньні перакладчыка толькі на той падставе, што Скрыль, як грамадзянін Беларусі, “павінен у дастатковай ступені валодаць расейскай мовай”.
“У дачыненьні да сябе, сакратара і сьведак па справе Зубеня М.Н. патрабаваньняў аб валоданьні беларускай мовы, на якой можа весьціся справаводзтва, не прад’явіў, хаця і судзьдзя, і сакратар, і сьведкі таксама зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь”, – заўважыў Левінаў.
Ён адзначыў, што судзьдзя вёў адміністрацыйны працэс на расейскай мове, пратакол судовага паседжаньня, які падпісаў, таксама быў складзены на расейскай мове – “з устаўкамі мовы, падобнай да беларускай”. Праваабаронца мяркуе, што і пастанова па справе была вырабленая без перакладу на родную мову, якой валодае Віталь Скрыль, што парушае арт. 2.11 ПВКаАП РБ.
Апроч таго, што Зубеня пры вядзеньні адміністрацыйнага працэсу парушыў права грамадзяніна на карыстаньне роднай мовай, ён, як мяркуе Левінаў, парушыў і ягонае права на абарону.
Праваабаронца паведаміў у звароце, што ў ходзе працэсу абвінавачаны заяўляў хадайніцтва аб тым, каб яму далі час на пошук адваката, які валодае беларускай мовай. Але судзьдзя Зубеня зноў адмовіў, пазбавіўшы гэтым самым грамадзяніна РБ гарантаванага права на абарону.
Павал Левінаў прасіў Вярхоўны суд даць прававую ацэнку дзеяньням судзьдзі Віцебскага раённага суду Зубені і разгледзець пытаньне аб яго адпаведнасьці займанай пасадзе.
Вярхоўны суд: судзьдзя правоў не парушаў
Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч у адказе на зварот праваабаронцы зазначыў, што факт вядзеньня працэсу на рускай мове “не супярэчыць патрабаваньням Кодэксу аб судаводзтве і статусе судзьдзяў, а таксама артыкулу 2.11 ПВКаАП РБ, згодна зь якімі адміністрацыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай ці расейскай мовах”.
“Такім чынам, складаньне раённым судом судовых дакумэнтаў на мове судаводзтва правамернае і ня сьведчыць пра парушэньні судом правоў Скрыля В.С.”, – падсумоўвае Аніскевіч.
“Што тычыцца пытаньняў арганізацыі судовага разбору, апавяшчэньні ўдзельнікаў працэсу пра час і месца судовага паседжаньня, разьвязаньня хадайніцтваў, то яны рэглямэнтаваныя ПВКаАП РБ і адносяцца да выключнай кампэтэнцыі суду, у вядзеньні якога знаходзіцца справа”, – гаворыцца ў адказе Вярхоўнага суду.
Судзьдзя суду Віцебскага раёну праславіўся раней тым, што ў красавіку 2018 году пакараў штрафам і папярэджаньнямі васьмёх віцяблян, якія сабраліся на прыватнай тэрыторыі ў Віцебску папіць гарбаты (Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў – арт. 23.34 КаАП РБ).
Зьміцер Міраш