Пятніца, 12 Красавік 2019

Павал Левінаў пазбавіў прэміі віцебскага судзьдзю Белавуса?..

Ацаніць гэты матэрыял
(17 галасоў)
Судзьдзя Ільля Белавус Судзьдзя Ільля Белавус

Праваабаронца Павал Левінаў прасіў Вярхоўны суд разгледзець пытаньне аб прафэсійнай прыдатнасьці віцебскага судзьдзі Ільлі Белавуса (суд Кастрычніцкага раёну), які нарабіў шмат памылак і хібаў у адной з пастановаў па адміністрацыйнай справе. Віцебскі аблсуд паабяцаў, што парушэньні судзьдзі адаб’юцца ня ягонай прэміі.

Павал Левінаў паведаміў у Вярхоўны суд, што судзьдзя Ільля Белавус у пастанове ад 14 сакавіка 2019 году сказіў прозьвішчы пацярпелых (“Круглікаў” замест “Круглік” і г.д.), а адной зь іх нават “зьмяніў” пол. Праваабаронца прасіў разгледзець пытаньне ад прафэсійнай прыдатнасьці судзьдзі Кастрычніцкага суду Віцебску Ільлі Белавуса.

На зварот у Вярхоўны суд адказалі зь Віцебскага абласнога суду. Першы намесьнік старшыні аблсуду Анатоль Фаменка прызнаў, што “пры вырабе пастановы судзьдзём Белавусам. І.У. былі зробленыя тэхнічныя апіскі ў прозьвішчах пацярпелай і сьведкаў”.

“Парушэньне, зробленае судзьдзём Белавусам І.У., будзе ўлічанае пры яго штомесячным прэміяваньні”, – гаворыцца ў адказе з абласнога суду.

Апіскі і памылкі ў пастанове абяцаюць выправіць.

Нагадаем, судзьдзя Ільля Белавус 11 красавіка пакараў штрафам віцябляніна Ўладзімера Кійко за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам. У лютым 2018 году менавіта гэты судзьдзя разглядаў справу, распачатую ў дачыненьні віцебскіх журналістаў-фрылянсэраў Віталя Скрыля і Ўладзімера Лунёва. Белавус аштрафаваў іх агулам на 1200 рублёў – за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. На погляд праваабаронцаў, гэтыя справы мелі палітычны характар.

Раней "Віцебская вясна" пісала пра тое, як Павал Левінаў разьвёў віцебскіх судзьдзяў-сужэнцаў Алену Протас і Яўгена Бурунова па розных спэцыялізацыях. 

Зьміцер Міраш

Залагініцца каб дадаць камэнтары