Серада, 17 Красавік 2019

Праваабаронца прасіў амніставаць Жамчужнага – яму адказалі аб амністыі па арт. 328

Ацаніць гэты матэрыял
(12 галасоў)
Праваабаронца Леанід Сьвецік Праваабаронца Леанід Сьвецік

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся да дэпутатаў ПП НС з прапановай унесьці ў закон аб амністыі асобаў, асуджаных па артыкулах 375, 376 і 431 КК РБ, паводле якіх адбывае зараз пакараньне палітвязень Міхаіл Жамчужны. У адказе з Палаты – ні слова пра згаданыя артыкулы і Жамчужнага. Дэпутаты напісалі аб магчымасьці ўжываньня “акту гуманізму” да асуджаных па арт. 328 КК.

У сваім звароце ў Палату прадстаўнікоў Леанід Сьвецік прапанаваў дэпутатам скарыстацца сваім правам на канчатковую рэдакцыю тэкстаў заканадаўчых актаў і ўключыць у закон аб амністыі асобаў, асуджаных на падставе артыкулаў 376 (ч. 1, ч. 2), 375 (ч. 1) і 431 (ч. 1, ч. 2) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. На сёньня пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі па гэтых артыкулах адбывае толькі адзін чалавек – палітвязень Міхаіл Жамчужны.

“Амністыя гэтага чалавека будзе актам гуманізму з боку дзяржавы, прадэманструе імкненьне беларускіх уладаў да выкананьня міжнародных стандартаў у сфэры правоў чалавека”, – зазначыў у звароце праваабаронца.

Адказалі, але пра іншае…

Адказ з парлямэнту быў нечаканы. Старшыня Пастаяннай камісіі ПП НС па нацыянальнай бясьпецы Валянцін Міхневіч запэўнівае Сьвеціка, што ягоны зварот “па пытаньні прымяненьня амністыі ў дачыненьні да асобаў, асуджаных па артыкуле 328 КК РБ”, разгледжаны. Распавядае пра прынцып калегіяльнасьці пры распрацоўцы амністыі і пералічвае назвы органаў, што вызначалі пералік артыкулаў, на якія распаўсюджвалася папярэдняя амністыя.

 

“13 сакавіка 2019 году Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы разгледзела пытаньне аб магчымасьці ўжываньня гэтага акту гуманізму з боку дзяржавы да асобаў, асуджаных па артыкуле 328 КК, і накіравала пісьмо ў МУС РБ з просьбай улічыць нашыя прапановы пры падрыхтоўцы названага законапраекту”, – напісаў Міхневіч.

Леанід Сьвецік: Адказу на сваю прапанову так і не атрымаў – прыкра…

Праваабаронца Леанід Сьвецік сьцьвярджае, што ні ў цяперашнім звароце ў ПП НС, ні раней не ўздымаў тэму амністыі асуджаных па 328-му артыкулу.

“Тэма гэтая вельмі важная. Напэўна, сябры камісіі атрымалі вельмі шмат зваротаў аб неабходнасьці амністыі асуджаных па “наркатычнаму” артыкулу, таму не выключаю, што адбылася блытаніна. Але ж я так і не атрымаў адказу на сваю прапанову – амніставаць палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Гэта прыкра…” – кажа Леанід Сьвецік.

Між тым, 17 красавіка меркаваны сьпіс артыкулаў, асуджаныя па якіх могуць падпасьці пад амністыю ў 2019 годзе, апублікаваў партал TUT.BY. Паводле законапраекту, які трапіў да журналістаў, амністыя закране і пакараных па “наркатычным” артыкуле. Але толькі часткова. У прыватнасьці, на два гады могуць скараціць тэрміны зьняволеньня непаўналетнім і на 1 год – асуджаным па частках 1,2,3 арт. 328.

Нагадаем, раней яшчэ адзін віцебскі праваабаронца Павал Левінаў заклікаў Лукашэнку амніставаць асуджаных паводле артыкулу 328 КК РБ.

Зьміцер Міраш