Аўторак, 18 Верасень 2018

Камітэт па правах чалавека ААН: Рэспубліка Беларусь парушыла правы Тацяны Севярынец

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Тацяна Севярынец падчас малітвы на Усьпенскай горцы. 2011 год. Фота з архіву Тацяна Севярынец падчас малітвы на Усьпенскай горцы. 2011 год. Фота з архіву

Камітэт па правах чалавека разгледзеў скаргу віцебскай актывісткі Тацяны Севярынец і прыйшоў да высновы, што беларуская дзяржава парушыла яе правы на свабоду слова і мірныя сходы.

Цяпер цягам шасьці месяцаў улады абавязаныя паведаміць Камітэту аб прынятых мерах па аднаўленьні правоў Тацяны Севярынец. Апроч таго – інфармаваць праз СМІ грамадзян краіны аб тым, якім чынам з боку дзяржавы былі парушаныя яе правы.

Скаргу ў Камітэт па правах чалавека Тацяна Севярынец накіравала яшчэ 7 гадоў таму, пасьля падзей, якія адбываліся ў 2011 годзе. Улетку таго году актывістка БХД ладзіла на Усьпенскай горцы ў Віцебску малітоўныя сустрэчы, падчас якіх гараджане маліліся за палітвязьняў.

За што аштрафавалі  

Трэцяга ліпеня 2011 году Тацяна Севярынец сустрэла на плошчы Перамогі, дзе ў той час праходзілі афіцыйныя сьвяткаваньні Дня Рэспублікі, сябраў арганізацыйнага камітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” (БХД) і разам з супольнікамі накіравалася на Усьпенскую горку, каб памаліцца за беларускіх палітвязьняў ля крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Па дарозе да іх далучыліся іншыя грамадзяне. І вось гэтае перамяшчэньне па гарадзкіх ходніках супрацоўнікі органаў унутраных спраў палічылі “несанкцыянаваным групавым публічным выяўленьнем грамадзка-палітычных поглядаў”, а Тацяну Севярынец – арганізатарам шэсьця.  

Пры гэтым ніхто з тых, хто ішоў памаліцца, не выходзіў на праезную частку, не трымаў у руках сьцягоў, плякатаў, транспарантаў альбо іншых агітацыйных матэрыялаў, якія б прыцягвалі ўвагу. Гэта, між іншым, пацьвярджалася апэратыўнымі відэаматэрыяламі, якія ў якасьці доказаў віны актывісткі фігуравалі ў судзе.

Тым ня менш, улады ўспрынялі гэта як незаконнае шэсьце, а супрацоўнікі міліцыі склалі на Севярынец пратакол аб парушэньні ёй правіл арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства.

Згодна з пратаколам, віцяблянку абвінавацілі ў парушэньні ўстаноўленага парадку арганізацыі вулічнага шэсьця з выяўленьнем грамадзка-палітычных поглядаў і парушэньні Закону “Аб масавых мерапрыемствах”. Судзьдзя Яўген Буруноў згадзіўся з довадамі міліцыі і аштрафаваў Севярынец на 700 тыс. рублёў (недэнамінаваных).

"Прымусіць Беларусь паважаць правы" 

Актывістка не згадзілася з рашэньнем суду і абскардзіла яго ў вышэйшых судовых інстанцыях. Аднак ні Віцебскі абласны, ні Вярхоўны суды рашэньне суду першай інстанцыі не адмянілі, а пакараньне ў выглядзе штрафу пакінулі ранейшым.

Пасьля таго, як Тацяна не змагла законным чынам абараніць свае правы ўнутры краіны, яна зьвярнулася ў міжнародны праваабарончы орган.

У звароце, адрасаваным у Камітэт па правах чалавека, Тацяна Севярынец заявіла, што для яе, як грамадзянкі, вельмі важна спыніць практыку парушэньняў грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі, а таксама – прымусіць Рэспубліку Беларусь паважаць і забясьпечваць правы, прапісаныя ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.  

Скаргу Тацяны Севярынец Камітэт змог разгледзець толькі праз 7 гадоў. Сябры Камітэту аднадушна прыйшлі да высновы, што ў справе Тацяны Севярынец Рэспубліка Беларусь парушыла яе правы, занатаваныя ў артыкулах 19 (2) (Свабода слова) і 21 (Права на мірныя сходы) Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Лявон Яфрэменка  

1 камэнтар

Залагініцца каб дадаць камэнтары