Мерапрыемства было арганізаванае Лябараторыяй лічбавых свабодаў беларускай праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» і прызначалася для журналістаў, праваабаронцаў, блогераў і актывістаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй прафэсійнай дзейнасьці сучасныя тэхналёгіі і для якіх абарона пэрсанальных дадзеных зьяўляецца надзвычай актуальнай. У камэрнай атмасфэры андэграўнднага клюбу «Паддашак» выступілі экспэрты зь Менску Аляксей Казьлюк І Андрэй Сушко.
Шмат каму цікава было даведацца, якім чынам у сучасным хутказьменлівым сьвеце адбываецца трансфармацыя ў галіне правоў чалавека. З разьвіцьцём тэхналёгіяў паўстаюць і новыя выклікі, і тое, што яшчэ зусім нядаўна было неактуальным, стала выходзіць на першы плян, а значыць і ўваходзіць у сфэру правоў чалавека. Напрыклад, многія праваабаронцы ўжо пачалі вылучаць права на доступ у інтэрнэт як асобнае права чалавека, якое павінна гарантавацца дзяржавай кожнаму грамадзяніну. Законапраект пра гэта распрацоўваецца ўжо, прыкладам, у Грузіі.
Падчас мерапрыемства абмяркоўваліся таксама такія тэмы як меры дапушчальнай цэнзуры ў інтэрнэце і абмежаваньня доступу ў інтэрнэт, кібэрбясьпека, хакерскія атакі, інфраструктура інтэрнэту, узаемадзеяньне дзяржавы і бізнэсу ў галіне лічбавых тэхналёгіяў, права на прыватнасьць карыстальнікаў і магчымае сачэньне за імі з боку правайдэраў. Удзельнікі трэнінгу зь цікавасьцю уступалі ў дыскусіі і дзяліліся сваімі думкамі.
Асобнай тэмай трэнінгу была пазначаная такая яшчэ малавядомая ў грамадзтве сфэра, як «электронны ўрад Беларусі і доступ да інфармацыі дзяржаўных органаў у інтэрнэце». Аптымізуючы выдаткі дзяржаўнага бюджэту і спрашчаючы працэдуры даваньня інфармацыі і паслугаў, органы ўлады ўсё больш «сыходзяць» у інтэрнэт. Зразумела, да разьвітых краін Эўропы Беларусі яшчэ далёка. А, напрыклад, у Эстоніі, даўно ўжо грамадзяне маюць магчымасьць зарэгістраваць бізнэс не выходзячы з хаты, або прагаласаваць на розных выбарах праз сусьветнае павуціньне. У сувязі з усё большым разьвіцьцём гэткіх паслугаў узьнікае небясьпека зьяўленьня такой зьявы, як «лічбавая дыскрымінацыя» (сытуацыя, калі людзі, якія ня маюць дастатковых ведаў у галіне лічбавых тэхналёгіяў, не могуць карыстацца тымі ці іншымі паслугамі сучаснага сьвету). І гэта таксама зьяўляецца праблемай, якую неабходна ўлічваць, пашыраючы сфэру электронных паслуг.
Уладзімер Бяляўскі