Падстава для такой рэакцыі парлямэнтароў: зварот праваабаронцы нібыта не зьяўляецца законным, бо паводле рэглямэнту Палаты прадстаўнікоў слуханьні праводзяцца выключна па рашэньні гэтага заканадаўчага органу. Да таго ж слуханьні могуць ініцыявацца выключна суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы, саветам ПП, пастаяннымі камісіямі, дэпутацкімі групамі, а не на прапанову грамадзян. Таму калі згаданыя суб'екты не зьвярталіся з падобнымі прапановамі, то працэдура арганізацыі парлямэнцкіх слуханьняў, маўляў, ня можа быць запушчаная.
Дэпутацкі корпус мае яшчэ адзін аргумэнт, каб не прамаўляць свайго слова ў абарону тысяч сваіх выбаршчыкаў. Дэпутаты спадзяюцца, што Саўмінам на даручэньне прэзыдэнта краіны будзе распрацаваная новая рэдакцыя дэкрэту №3, якая палепшыць прававое становішча «дармаедаў».
На думку намесьніцы старшыні камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях Людмілы Канановіч, вышэйназваных падставаў цалкам дастаткова, каб лічыць правядзеньне ў цяперашні час парлямэнцкіх слуханьняў па дэкрэце №3 немэтазгодным.
Вядома, такая пазыцыя парлямэнтароў на задаволіла праваабаронцу. Леанід Сьвецік мяркуе, што замест рэальнай працы дзеля разьвязаньня такой важнай сацыяльнай праблемы – праблемы беспрацоўя дэпутаты занялі пазыцыю староньніх назіральнікаў. Маўляў, хай праблему вырашае выканаўчая ўлада так, як ёй захочацца. А як выканаўчая ўлада вырашала гэтую праблему нядаўна – паказалі веснавыя пратэставыя акцыі.
«Безадказныя паводзіны парлямэнтароў, адсутнасьць жаданьня і палітычнай волі стаць на абарону правоў і законных інтарэсаў «дармаедаў» робяць дэпутатаў, як і выканаўчую ўладу, адказнымі за ўсе нэгатыўныя наступствы, якія ў канчатковым выніку ўзьнікнуць пры рэалізацыі палажэньняў, закладзеных у новай рэдакцыі дэкрэту № 3», – выказаў сваю думку праваабаронца Леанід Сьвецік.
Лявон Яфрэменка