Чаму дзьве справы за адзін і той жа ўчынак слухаліся ў розных судох, для праваабаронцы зьяўляецца загадкай. Як ён патлумачыў, паколькі пастаўленае яму ў віну правапарушэньне было нібыта зьдзейсьненае ў судзе Першамайскага раёну, там яго не маглі судзіць, каб не было прадузятага стаўленьня, і таму справу накіравалі ў суд Віцебскага раёну. А чаму яе потым падзялілі на дзьве і перанакіравалі па розных судох, ён не разумее.
Рашэньні судоў першай інстанцыі, якія абскарджваў Валер Місьнікаў:
1. Паводле артыкулу 9.3 КаАП судом Першамайскага раёну Віцебску праваабаронца быў прызнаны вінаватым у абразе сакратаркі гэтага самага суду Дар'і Алісевіч.
2. Чыгуначным райсудом ён быў пакараны паводле артыкулу 17.1 КаАП нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы, абразлівае чапляньне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак.
Тлумачачы ў абласным судзе акалічнасьці справы, праваабаронца заявіў, што ён нікога не абражаў і тым больш не парушаў грамадзкага парадку і ня размахваў рукамі (як напісана ў пратаколе), а ўся ягоная віна зводзіцца да таго, што ён назваў сакратарку канцылярыі суду Алісевіч «двоечніцай», бо яна, на яго думку, не разьбіраецца ў тым, чым займаецца, і ёсьць некампэтэнтнай супрацоўніцай. За гэтую «абразу» і былі распачатыя адміністрацыйныя справы.
У сваім вялікім выступе Валер Місьнікаў у прыватнасьці сказаў, што мала таго, што ўсе гэтыя адміністрацыйныя справы зьяўляюцца чыстай вады правакацыяй і спробай яго запалохаць, але яшчэ і поўнай бязглузьдзіцай, бо ў адпаведнасьці з артыкулам 9.6, п. 1 часткі 9 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях нельга двойчы судзіць за адно і тое ж дзеяньне.
У выніку судзьдзя Сьвятлана Іванова, якая вяла працэс, пастанавіла: рашэньне суду Першамайскага раёну паводле артыкулу 9.3 (абраза) скасаваць і накіраваць справу на дадатковае дасьледаваньне, а рашэньне суду Чыгуначнага раёну паводле артыкулу 17.1 (дробнае хуліганства) пакінуць бязь зьменаў.
Сам Валер Аркадзьевіч лічыць гэтыя абсурдныя, на яго погляд, адміністрацыйныя справы помстай з боку работнікаў суду за яго актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць. Магчыма, гэта сапраўды так, бо спадар Місьнікаў «папіў» шмат крыві ў мясцовых служыцеляў Фэміды. І яны, вядома ж, пра гэта памятаюць.
Уладзімер Бяляўскі