Канфэрэнцыя «Душпастырства і сацыяльная дапамога зьняволеным у месцах пазбаўленьня волі», якая праходзіла на базе Віцебскай духоўнай сэмінарыі, сабрала праваслаўных і каталіцкіх герархаў зь Беларусі, Расеі, Украіны і Аўстрыі, а таксама праваахоўнікаў і навукоўцаў-пэнітэнцыярыстаў з вышэйшых навучальных устаноў.
Разам яны разьбіраліся, як лепш арганізаваць посттэалягічную адукацыю і навучаньне сьвятароў, якія нясуць служэньне ў папраўчых установах, каб яны маглі ў поўнай меры аказваць духоўна-пастырскую, псыхалягічную, юрыдычную і сацыяльна-адаптацыйную дапамогу вязьням.
У завяршэньне форуму замежнікам паказалі, якія ўмовы створаныя ў нашай краіне для асоб, якія адбываюць пакараньне. Госьці наведалі лячэбна-працоўны прафілякторый у Наваполацку і папраўчую калёнію ў Віцебску. Да прыкладу, у ПК-3 яны азнаёміліся з умовамі жыцьця і побыту пастаяльцаў, наведалі мясцовую царкву. Апроч таго, там адбылося падпісаньне рэзалюцыі па выніках канфэрэнцыі.
«Мы прынялі вельмі важны дакумэнт, зьвязаны з арганізацыяй адукацыйнага працэсу для турэмных сьвятароў. Асабліва для тых зь іх, хто ў далейшым стане штатным супрацоўнікам крымінальна-выканаўчай сыстэмы Расеі, Украіны і Беларусі, – сказаў старшыня сынадальнага аддзелу па турэмным служэньні Маскоўскага патрыярхату япіскап Краснагорскі Ірынарх (Грэзін). – Выказваем падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у працы канфэрэнцыі, у тым ліку аўстрыйскаму біскупу Францу Шарлю».
Задаволены вынікамі паездкі ў Беларусь і доктар Карл Дрексьлер, пракурор зь Вены. На яго думку, прыняцьце рэзалюцыі – важны крок у разьвіцьці адносін паміж нашымі краінамі і ўдасканаленьні мэтадаў працы з людзьмі, што спатыкнуліся, , які дазваляе ім вярнуцца да нармальнага жыцьця.
Крыніца: Витебские вести