Пятніца, 22 Красавік 2016

Для падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, арганізавалі экскурсію ў калёнію

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Для падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, арганізавалі экскурсію ў калёнію фота: pridvinje.by

Ініцыятарамі экскурсіі ў папраўчую ўстанову Дэпартамэнту адбываньня пакараньняў Рэспублікі Беларусь, разьмешчаную ў пасёлку Віцьба, выступілі пракуратура Віцебскага раёну і інспэкцыя па справах непаўналетніх Віцебскага РАУС.

 

Удзельнікамі экскурсіі сталі навучэнцы сярэдне-спэцыяльных навучальных установаў гораду Віцебску, а таксама вучні некаторых сельскіх школ Віцебскага раёну.

Мерапрыемства мела прафіляктычны характар: праводзілася з мэтай папярэджаньня злачынстваў, зьдзейсьненых непаўналетнімі.

Удзельнікаў экскурсіі азнаёмілі з распарадкам дня і побытам асуджаных. Падлеткі даведаліся, што тыя, хто адбывае пакараньне, задзейнічаныя ў вытворчасьці, наладжанай на тэрыторыі калёніі. Асобна была зьвернутая ўвага прысутных на функцыянаваньне штрафнога ізалятару, куды зьмяшчаюць тых, хто адмаўляецца працаваць, парушае распарадак дня, ужывае нецэнзурную лаянку.

У межах экскурсіі наведалі нават ШІЗА. Заключаны там Іван расказаў падлеткам пра тое, што быў пазбаўлены волі за зьдзейсьненае злачынства яшчэ ў 2002 годзе, а апошнія 8 гадоў з ШІЗА практычна не выходзіць. Неўзабаве ў яго заканчваецца тэрмін адбываньня пакараньня. Іван прызнаўся, што ня можа дачакацца дня вызваленьня. Ён параіў падлеткам не парушаць закон і памятаць пра каштоўнасьць свабоды.

У час экскурсіі па калёніі пачулася сырэна. Гэта быў трывожны сыгнал пра ўцёк. Як выявілася, у межах паказальных вучэньняў.

Паводле словаў начальніка ІСН Віцебскага РАУС Юрыя Жорава, экскурсія падлеткаў уразіла, і яны далі слова быць законапаслухмянымі.