У прызначаную гадзіну да сцен віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) прыйшлі з кветкамі сябры і сваякі Марыі Агіевіч. Але, як аказалася, незадоўга да завяршэння тэрміну арышту супрацоўнікі міліцыі адвезлі студэнтку ў Кастрычніцкі РАУС для прафілактычнай размовы. Сустрэча з блізкімі адбылася на вул. Церашковай, насупраць аддзялення міліцыі.
Марыя Агіевіч разам з Марыяй Амасовіч і Лізаветай Кірыенка былі прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Суддзя Вольга Шапавал (суд Чыгуначнага раёну) палічыла іх сумеснае фатаграфаванне з бел-чырвона-белым сцягам пад Кіраўскім мостам у Віцебску незаконным пікетаваннем. Фотаздымак міліцыянты знайшлі ў тэлефоне Лізаветы Кірыенка, калі тая ўжо знаходзілася за кратамі.
«Мы проста фатаграфаваліся і нікуды не выкладалі фотку, але яны сказалі, што ціпа ў нас быў мітынг», – расказала пасля вызвалення Марыя Агіевіч.
Паводле супрацоўнікаў МУС, гэтае «масавае мерапрыемства» адбылося 27 сакавіка, а затрымалі Агіевіч 5 траўня.
«Спачатку выклікалі па тэлефоне ў РАУС, а потым – позвай. У першы раз я сама з'явілася, а ў другі раз яны мяне затрымалі, хаця адвакат іх пераконваў, што я дабравольна магу прыехаць на суд. Але мяне ўсё роўна затрымалі...» – успамінае дзяўчына.
Марыя распавяла, што ў камеры ізалятару знаходзілася разам з іншымі «палітычнымі» дзяўчатамі, асуджанымі паводле арт. 24.23 – Лізаветай Кірыенка, Марыяй Амасовіч, Ангелінай Туравец, а таксама дзяўчынай Аленай, прозвішча якой не запомніла.
«Проста да астатніх там больш-менш нармальна ставіліся, а да нас – не, таму і запіхнулі нас у адну камеру», – патлумачыла Марыя Агіевіч.
Пра падрабязнасці ўтрымання ў ІЧУ Марыя нічога больш не расказала, спаслаўшыся на стомленасць.
Уладзімір Бяляўскі