Серада, 24 Чэрвень 2020

Мікола Качурэц выйшаў на волю пасьля 10 сутак за кратамі. Відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Мікола Качурэц каля Чыгуначнага РАУС Віцебску Мікола Качурэц каля Чыгуначнага РАУС Віцебску

Віцяблянін Мікола Качурэц быў асуджаны па двух пратаколах – за ўдзел у пікетаваньнях 31 траўня і 7 чэрвеня. Судзьдзя Алена Цыганкова прысудзіла яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 23 чэрвеня актывіст выйшаў на волю, але сустрэць яго каля ізалятару часовага ўтрыманьня не атрымалася: Качурца адразу адвезьлі ў Чыгуначны РАУС для прафіляктычнай размовы. Адпусьцілі толькі пасьля яе.

Мікола Качурэц расказаў, што затрымлівалі яго 13 чэрвеня людзі ў форме МНС (Міністэрства надзвычайных сітуацый). Актывіста затрымалі гвалтам, ня далі вярнуцца дамоў выключыць газоўку.

Па словах актывіста, у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) ён некалькі дзён трымаў сухую галадоўку. Спыніў яе толькі пасьля таго, як атрымаў перадачу ад жонкі.

Распавёў, што ў ІЧУ прынцыпова не падпарадкоўваўся загадам устаць, калі ў камэру заходзіў начальнік. А на дзяжурную фразу начальства «Ці маеце пытаньні?» штодзень пытаўся: «Ці надзелі ўжо на Лукашэнку наручнікі?»

«Бачна, што яны самі там баяцца. Мы там сядзім – але мы больш вольныя людзі, чым яны», – кажа Качурэц пра сваіх турэмшчыкаў.

Міколу Качурцу 61 год. Ён атрымлівае пэнсію па інваліднасьці.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.