Панядзелак, 06 Ліпень 2020

«Мышы па камэрах бегаюць». Начальнік віцебскага ІЧУ адказаў блогерцы Янушкоўскай

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ізалятар часовага ўтрыманьня ў Віцебску Ізалятар часовага ўтрыманьня ў Віцебску

Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую некалькі разоў зьмяшчалі ў віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ) пасьля затрыманьняў. Да суду яна правяла за кратамі ІЧУ шэсьць сутак. Там напісала скаргі на непрымальныя і нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня. Нядаўна атрымала адказ ад начальніка віцебскага ІЧУ Ўладзімера Сасіноўскага.

У скаргах Алена Янушкоўская прыраўняла ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары да катаваньняў.

«Скардзілася найперш на жудасную антысанітарыю. Вельмі ўсё бруднае! Унітаз ня чысьцілі год як мінімум, а можа і ад самага яго «нараджэньня». У камэрах няма доступу да сьвежага паветра, няма вэнтыляцыі, пастаянны смурод ад фэкалій. Мышы па камэрах бегаюць! Дзённага сьвятла людзі таксама ня бачаць», – кажа Алена Янушкоўская.

Расказвае, што была вымушаная адмовіцца ў ізалятары ад ежы, бо есьці яе немагчыма. «Напісала, што іхная ежа «небясьпечная для жыцьця». Дык сапраўды так! Гэтую ежу нават сьвіньні ня будуць есьці! Каша на вадзе з прысмакам мыйных сродкаў і катлеты, пасьля якіх ва ўсіх невыносная пякотка. Ежа – жахлівая!» – расказвае жанчына.

Алена Янушкоўская пасьля вызваленьня зь ІЧУ

Паводле яе інфармацыі, ежу для «сядзельцаў» ізалятару часовага ўтрыманьня гатуюць у аблвыканкамаўскай сталоўцы «Белая Русь».

Начальнік ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Сасіноўскі даслаў нядаўна афіцыйны адказ на звароты блогеркі. Паводле начальніка, дзейнасьць ІЧУ «арганізаваная ў адпаведнасьці з пастановай савета міністра (назва органа і напісаньне з маленькай літары – у арыгінале) Рэспублікі Беларусь ад 21 лістапада 2013 году» (далей – пералік дакумэнтаў). Сасіноўскі сьцьвярджае, што блогерцы ў пэрыяд знаходжаньня ў ІЧУ было дадзенае «ўсё неабходнае ў межах кампэтэнцыі».

«Адначасова паведамляю Вам, што ў мэтах паляпшэньня санітарна-эпідэміялягічнага і бытавога дабрабыту ў ІЧУ кіраўніцтва УУС Віцебскага аблвыканкаму і ІЧУ робіцца шэраг практычных і арганізацыйных захадаў, у ліку якіх на бліжэйшы час заплянаваны капітальны рамонт будынку ІЧУ», – паведамляе начальнік ізалятару.

Паводле інфармацыі «Народных навінаў Віцебску» заказчыкам меркаванага капрамонту выступіла ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва аблвыканкаму. Фінансавацца добраўпарадкаваньне ізалятару будзе за кошт рэспубліканскага бюджэту.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.