Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка затрымалі 11 жніўня пасля ператрусаў па месцы жыхарства і ў іншых памяшканнях, якія ім належаць.
Да 2020-га году Брыцікава працавала на «Нафтане», аднак у снежні яе звольнілі: загад аб звальненні быў выдадзены ў сувязі з «пазбаўленнем доступу да дзяржаўнай таямніцы». Неўзабаве яе абралі кіраўніцай незалежнага прафсаюза на ААТ «Нафтан». У мінулым годзе жанчына адбыла 75 сутак за кратамі – ей прысудзілі 5 арыштаў за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Падчас арышту яна абвяшчала галадоўку на знак пратэсту.
Аляксандр Кухаронак – адзін з самых першых, хто ў 2020 годзе абвясціў стачку на прадпрыемстве. Яго таксама арыштоўвалі па адміністрацыйнай справе – у 2021 годзе ён адбыў 20 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП.
Аляксандр Балонкін быў намеснікам старшыні арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) работнікаў на ААТ «Нафтан». Яго звольнілі з прадпрыемства ў 2021 годзе нібыта за прагулы, хаця мужчына не мог выйсці на працу з аб“ектыўных прычын – ён адбываў 15-суткавы арышт, прысуджаны яму за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі. На прадпрыемстве ён адпрацаваў больш за 19 гадоў. Сёлета ў жніўні ён быў затрыманы неўзабаве пасля Брыцікавай і Кухаронка.
Павел Андрухін