Серада, 30 Жнівень 2023

Палітзняволены Анджэй Пачобут не атрымлівае лекаў для сэрца і ня можа тэлефанаваць дадому

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра гэта падчас акцыі салідарнасці ў Беластоку расказаў намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі. Паводле Занеўскага, да Пачобута, які адбывае пакаранне ў Наваполацкай ПК-1, не пускаюць адваката, да яго і ад яго не даходзяць лісты, яму не даюць яму лекаў, патрэбных штодня. Найбольшая праблема на сёння — гэта адсутнасць інфармацыі, бо мы ня ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што наагул там з ім дзеецца», - сказаў намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі.

Як стала вядома ў сярэдзіне жніўня, Анджэя Пачобута на паўгода змясцілі ў ПКТ у наваполацкай калоніі - пра гэта зняволены журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі паспеў паведаміць у адным з лістоў дадому. Прычынай пакарання, як вынікае з ліста з калоніі, стала адмова ад працы, якую, паводле Пачобута, немагчыма выканаць. Паводле звестак BelPol, адміністрацыя калоніі накіравала яго на ўборку прыбіральні. Гэта непрымальна для большасці зняволеных, бо аўтаматычна вядзе да набыцця «нізкага сацыяльнага статусу!. Пачобут адмовіўся, за што й атрымаў спагнанне у выглядзе 6-ці месяцаў у ПКТ.

У наваполацкую ПК №1 Анджэй Пачобут трапіў у канцы траўня. Яго размеркавалі туды адбываць пакаранне, прысуджанае паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці ці варажнечы). 8 лютага 2023 г. суддзя Гродзенскага абласнога суду Дзмітрый Бубенчык прысудзіў Анджэю Пачобуту восем гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 г. у Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі Саюзу палякаў Беларусі. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

Свае віны журналіст не прызнаў, праз апеляцыйную скаргу ен спрабаваў аспрэчыць прысуд у Вярхоўным судзе. 26 траўня суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Ігар Любавіцкі адхіліў апеляцыйную скаргу Анджэя Пачобута, разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме.

31 траўня 2021 г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Пачобута палітычным зняволеным.


Сяргей Пяюн