Паводле абвінавачання, 8 снежня 2022г. Яраслаў Казакевіч на чыгуначным вакзале станцыі «Орша-Цэнтральная» з выкарыстаннем мабільнага тэлефона Samsung Galaxy вырабіў відэафайл, на якім быў зафіксаваны эшалон з расейскай ваеннай тэхнікай. Потым, знаходзячыся ў вагоне цягніка рэгіянальных ліній, ен даслаў гэты відэафайл у Telegram-канал, інфармацыйная прадукцыя якога раней была прызнана судом экстрэмісцкімі матэрыяламі.
На наступны дзень Яраслаў Казакевіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і асуджаны судом Оршы і Аршанскага раёну да 15 сутак арышту «за выраб і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19. 11 КаАП). На волю ён болей не выйшаў.
Падчас допыту ў Аршанскім міжраённым аддзеле Следчага камітэту Казакевіч засведчыў, што быў падпісаны на розныя Telegram-каналы, у тым ліку прызнаныя «экстрэмісцкімі». Там ен бачыў публікацыі з падобнымі відэа і фатаграфіямі. Таму, калі заўважыў вайсковую тэхніку, зняў яе на мабільны тэлефон і адправіў відэа ў адзін з Telegram-каналаў. Са снежня мінулага году Яраслава Казакевіча ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2.
Юрка Жмых