Чацвер, 17 Лістапад 2022

Суду асудзіў на два гады калоніі палітвязня Аляксандра Патапава

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У судзе Віцебскага раёна 16 лістапада завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 68-гадовага жыхара в. Хатоля Віцебскага раёна  Аляксандра Патапава. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прэзідэнта па ч.1 арт. 368 беларускага КК. Суддзя Наталля Траццякова прызнала падсуднага вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ва ўмовах агульнага рэжыму.

Палітзняволены Аляксандр Патапаў быў затрыманы міліцыяй  25 жніўня 2022 года і ўзяты пад варту па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі праз каментары ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Раней Аляксандра ўжо затрымлівалі ў межах адміністрацыйнай справы па арт. 19.11 КаАП, тады яму прызначылі штраф.

Пад час апошняга судовым пасяджэнні Патапаў заявіў, што ў яго пастаянна дрэннае самаадчуванне, цяжкасць у галаве, слабасць і ён вымушаны прымаць абязбольныя сродкі. Яму абяцалі абследванне ў медыцынскім стацыянары, але апошнія 94 дні ён знаходзіўся ў жорсткіх умовах зняволення ў ШІЗА.

Суд абвясціў перапынак і запрасіў даведку аб стане здароўя абвінавачанага. Медык СІЗА №2, якога выклікалі ў суд, паведаміў, што Аляксандру аказваецца належная медыцынская дапамога, змяшчэнне ў стацыянар не патрабуецца. Даведку далучылі да матэрыялаў справы.

Цяпер Патапаў утрымліваецца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары №2 і мае патрэбу ў маральнай падтрымцы і матэрыяльнай дапамозе. 

Для падтрымкі трэба карыстацца актуальным адрасам: Аляксандру Фёдаравічу Патапаву, СІЗА-2, вул. Гагарына, 2210026, г. Віцебск.

Віталь Кажух