Аўторак, 15 Лістапад 2022

Выдадзены каляндар з малюнкамі палітвязня Паўла Севярынца

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)

Каляндар з малюнкамі, зробленымі за кратамі, выдадзены дзякуючы высілкам жонкі палітзняволенага, Вольгі Севярынец. Ён называецца «Беларусь – гэта святое». У календары змешчаныя цытаты на кожны месяц, малюнкі вядомых беларускіх храмаў Гародні, Нясвіжа, Мінска, Сынкавічаў, Мураванкі, Паставаў, Магілёва, Сарʼі, Слабодкі, Сталовічаў, Берасця і каляндарная сетка па месяцах. На кожны месяц прадугледжаны новы малюнак і новая цытата.

Паводле Вольгі Севярынец, малюнкі і цытаты ўзятыя з лістоў, якія Павел Севярынец піша ёй і сыну Францішку. Жонка дасылае Паўлу Севярынцу каляровыя алоўкі і асадкі з чорным стрыжнем. Менавіта ў такой тэхніцы намаляваны храмы – помнікі беларускай архітэктуры. Малюнкі Паўла Севярынца, дасланыя з няволі, ужо знайшлі ўвасабленне ў мастацкіх паштоўках. Паштоўкі выдадзеныя ў двух наборах: «Беларусь – гэта святое», і «У сэрцы Беларусь». Яны прадаюцца ў інтэрнэт-краме kroplia.by, а цяпер тамсама можна будзе набыць і каляндар.

Ён мае фармат А4, дзе размешчана каляндарная сетка па месяцах і на кожны месяц – малюнак і новая цытата.

Таццяна Віктарава