Сяргей Канавалаў з’яўляўся супрацоўнікам Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі". Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года за "падрыхтоўку акту тэрарызму". Згодна з дадзенымі МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.
Па інфармацыі МУС Канавалаў меў доступ да абсталявання, але як піша ТГ "Live. Сообщество железнодорожников Беларуси" Канавалаў не працаваў на перагонах, ён працаваў толькі ў будынку.
А 7 ліпеня 2022 года КДБ унёс Сяргея Канавалава ў "Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Судовы працэс распачаўся 24 жніўня ў закрытым рэжыме, таму акалічнасці справы пакуль невядомыя.
Па сукупнасці злачынстваў, шляхам частковага складання пакаранняў і далучэння дадатковага пакарання, канчаткова прызначана абвінавачанаму Канавалаву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, са штрафам у памеры 300 базавых велічынь.
Прыгавор не ўступіў у законную сілу, абаронца рыхтуе апеляцыйную скаргу ў Вярхоны Суд РБ.
Віталь Кажух