Пра стан здароўя Васіля Бераснева распавялі ягоныя сваякі, якія мелі спатканне з палітзняволеным. Ён скардзіцца на падвышаны ціск, і гэта вымагае штодзённага прыёму лекавых сродкаў.
Васілю Берасневу – 72 гады, у 1980-х ён быў дырэктарам сельскагаспадарчай вучэльні ў Высокім (мястэчка пад Воршай), і нават кіраўніком Аршанскага райсавету. Аднак пасля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, Бераснеў пакінуў дзяржаўныя пасады і прыйшоў у дэмакратычны рух. Ён нязменна кіраваў Аршанскай арганізацыяй РЭП з 2016-га году, прафсаюзная суполка дзейнічала на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Пры прафсаюзе працавала юрыдычная служба, якая займалася дапамогай у вырашэнні праблем з працаўладкаваннем, незаконнымі звальненнямі, нявыплатамі заробкаў, іншымі працоўнымі спрэчкамі.
Апроч працы ў прафсаюзе, Васіль Бераснеў займаўся праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага абʼяднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 года. Таксама ён браў удзел у працы Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў, якая праводзіла ў Воршы і Аршанскім раёне грамадска-палітычныя і культурніцкія імпрэзы.
Цяпер яго вінавацяць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Для актывіста гэта першая крымінальная справа, хаця падобнае абвінавачанне супраць яго ўжо было выстаўленае яшчэ за ўдзел у аршанскім «Маршы недармаедаў» у 2017-м годзе. Але тады яго асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34, ён адбыў 14 сутак арышту ў ІЧУ Воршы. Яшчэ раней за ўдзел у так званым несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве Васіль Бераснеў адбываў адміністрацыйны арышт у 2006-м годзе.
Юрка Жмых