Аўторак, 13 Верасень 2022

Малюнкі Яны Пінчук – у праекце «Вольныя паштоўкі»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» распавядае пра палітвязняў праз іхныя малюнкі, дасланыя з-за кратаў. Нярэдка палітзняволеныя бавяць час за маляваннем, а малюнкі дасылаюць у лістах да родных і сяброў. Удзельнікі ініцыятывы вырашылі выпусціць паштоўкі з турэмнымі малюнкамі, дзейнасць праекту працягваецца ўжо некалькі месяцаў. І сярод апошніх паштовак – творчасць віцяблянкі Яны Пінчук, якой пагражае вялікі тэрмін зняволення за грамадзянскую актыўнасць.

 

Зараз, па новых дадзеных, 25-гадовай Яне Пінчук прад’яўлены абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: распальванне сацыяльнай варожасці (частка 3 артыкула 130), стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем ( і 2 артыкула 361-1), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (частка 3 артыкула 361).

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Яна Пінчук з верасня 2020 года па лістапад 2021 года « у групе з іншымі людзьмі з мэтай узбуджэння сацыяльнай варожасці» стварыла Telegram- канал, інфармацыйная прадукцыя якога прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. Следчыя зрабілі высновы, што, адмініструючы інфармацыйны рэсурс, дзяўчына публічна заклікала да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу краіны і прычыненню шкоды нацыянальнай бяспецы.

Да 2018 г. дзяўчына жыла ў Беларусі, потым пераехала з Расею. Яе затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года на запыт беларускіх уладаў. У красавіку 2022 г. расейская Генпракуратура адобрыла выдачу Пінчук Беларусі. У ліпені Другі апеляцыйны суд Пецярбурга пацвердзіў гэтае рашэнне. Камітэт па правах чалавека ААН раней забараніў экстрадзіраваць дзяўчыну і патрабаваў даць ёй прытулак, але ў Расеі адмовіліся выконваць гэтае рашэнне, спасылаючыся на яго неабавязковасць. 1 верасня Яну Пінчук перавезлі ў Беларусь, цяпер жанчына знаходзіцца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары №2.

З-за кратаў яна пісала лісты і дасылала малюнкі, якія цяпер можна ўбачыць на паштоўках. Таксама ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» выкарыстала малюнкі яшчэ аднаго віцябляніна, ужо экс-палітвязня, Уладзіслава Макавецкага. Ахвотныя могуць набыць паштоўкі, а ўсе грашовыя пералічэнні будуць перанакіраваныя праекту Dissidentby, які дапамагае палітвязням і іх сем’ям – закупляе перадачы ў СІЗА і калоніі, лекі і іншае.

Жанна Жалейка