“Шкадую, але лісты да вас зьнішчаюцца па актах апэратыўнымі супрацоўнікамі папраўчай калёніі №9 за, нібыта, “прычыненьне шкоды ахоўваным законам правам дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і асобных грамадзян”, – напісаў у паштоўцы ад 10 кастрычніка Міхаіл Жамчужны.
Ён удакладняе, што з той жа прычыны былі зьнішчаныя лісты да Леаніда Сьвеціка, датаваныя 25 верасьня і 8 кастрычніка.
“Ад 20 верасьня з 27-мі адпраўленых лістоў зьнішчана ўжо 16. За травень 2018 году з 32-х адпраўленых зьнішчана 20”, – падсумоўвае палітвязень.
“Буду пісаць яшчэ, чакайце!” – не губляе аптымізму Жамчужны.
На разьвітаньне запэўнівае: “У мяне ўсё ў парадку. Пасьпяхова ваюю з адміністрацыяй”.
Нагадаем, у лісьце, атрыманым на пачатку кастрычніка, Міхаіл Жамчужны паведаміў, што зьбіраецца абскардзіць у Вярхоўным судзе катаваньні і досьледы, якія чыняцца над ім у калёніі.
Лявон Яфрэменка