“Зыходзячы з матэрыялаў праверкі УДВП Магілёўскай вобласьці, за пэрыяд знаходжаньня (травень-чэрвень) у памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) з 32-х адпраўленых мной лістоў з калёніі выйшла толькі 12 (!). Адно гэтым тлумачыцца, што за паўгода Вы атрымалі ад мяне толькі першы ліст”, – піша палітвязень у лісьце да віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка.
Канфлікт з крымінальным “аўтарытэтам”
24 студзеня 2018 году ў санчастцы калёніі на Жамчужнага напаў крымінальны лідэр. Міхаіл пасьпеў своечасова адрэагаваць на агрэсію – нападніка ўтаймавалі. Але, ужо сыходзячы, той заявіў, што Жамчужны “паламаў яму жыцьцё”. Гэты інцыдэнт меў пад сабой даўнюю прычыну.
“16 жніўня 2017 году гэты “аўтарытэт” абвясьціў мне нізкі статус – нібыта паводле цыдулкі, атрыманай зь іншай калёніі. У той цыдулцы паведамлялася аб тым, што я за дапамогу асуджаным браў зь іх цыгарэты і шакаляд. Але па запытаньні давераных асобаў у тую калёнію высьветлілася, што цыдулку адтуль ніхто не адсылаў. Адкуль яна зьявілася, усім было зразумела.
І з гэтае прычыны лідэра крыміналу нашай калёніі зьнялі з пасады, пакаралі, абвесьцілі адпаведны статус і адаслалі адбываць пакараньне ў іншую калёнію. Перад ад’ездам ён і дазволіў сабе гэтую помсту, але няўдала. І ўжо праз гэта на новым месцы яму дадалі яшчэ больш. Вось за гэтую правакацыю я і суджуся з адміністрацыяй калёніі ўжо цягам 14 месяцаў”, – тлумачыць у лісьце палітвязень.
Гэтая цяжба дала ўжо пэўны вынік: у жніўні 2018 году Горацкі раённы і Магілёўскі абласны суды прызналі факт адсутнасьці ў Жамчужнага “нізкага статусу”.
ШІЗА як катавальня і месца экспэрымэнтаў над чалавекам
Цягам году (ад пачатку кастрычніка 2017 году і дагэтуль) палітвязень Жамчужны адбыў у штрафным ізалятары (ШІЗА) 270 содняў. Прычым, пачынаючы з кастрычніка 2017-га, правёў там 100 сутак запар, а пазьней – ад 20 чэрвеня да 20 верасьня – 90 сутак запар.
Перад тым як зьмясьціць у ШІЗА, у Жамчужнага забіралі гадзіньнік, таму ў камэры без вакон немагчыма было вызначыць час сутак, што прыводзіла да пакутлівай ломкі біягадзіньніка.
Знаходжаньне ў ШІЗА Міхаіл Ігаравіч называе катаваньнямі.
“Досьледы нада мной складаліся з таго, што мяне пазбаўлялі шпацыраў пад сонцам. Безь яго з костак вымываецца калцый, разьвіваецца остэапароз, самаадвольна здараецца пералом шыйкі сьцягна – і праз год чалавек гіне ад запаленьня ўнутраных органаў. Перашкодзіць гэтаму прадуманаму сцэнару вельмі складана”, – піша палітвязень.
“Атаварыцца вітамінамі не даюць, бо аб’яўляюць на момант атаваркі надуманыя спагнаньні. У сакавіку 2018 году я напісаў 8 заяў на атрыманьне мэдбандэроляў зь вітамінамі “Д” і кальцыем. У жніўні дасланую бандэролю зь вітамінамі канфіскавалі. Але я не пакутую: ем яйкі са шкарлупінай і рыбу з косткамі, умудраюся загараць праз краты”, – распавядае аўтар ліста.
Палітвязень скардзіцца, што ў камэры цесна і занадта цьмяна, усе прадметы шэрага колеру. Таму Міхаіл Ігаравіч па некалькі гадзінаў штодзень займаецца гімнастыкай і робіць практыкаваньні на зрок.
“Катаваньні і досьледы, якія праводзяць нада мной, пляную абскардзіць у Вярхоўным Судзе і ў міжнародных праваабарончых арганізацыях”, – піша Міхаіл Жамчужны.
Гатовы супрацоўнічаць зь любымі незалежнымі СМІ
Жамчужны адзначае, што ён зьяўляецца сталым і ўважлівым чытачом газэты “Народная Воля”. Але мае да гэтага недзяржаўнага выданьня і свае прэтэнзіі.
“Рэгулярна атрымліваючы яе (“НВ”), я за ўвесь час не пабачыў у газэце аніводнага артыкулу пра мяне, за выключэньнем майго артыкулу з прапановай аб стварэньні сьпісаў катаў, каб не пазьбеглі адказнасьці ў будучым. На тую прапанову адрэагавалі органы і сталі ўтойваць імёны сваіх супрацоўнікаў.
У 2014 і 2015 гадах я адсылаў зь месцаў пазбаўленьня волі два адкрытыя лісты ў “Народную Волю”. Але зь нейкіх прычын яны не былі апублікаваныя. Нягледзячы на гэта, я гатовы супрацоўнічаць і з гэтым, і зь любымі іншымі друкаванымі выданьнямі”, – так заканчвае свой ліст да віцебскіх калегаў Міхаіл Жамчужны.
Лявон Яфрэменка