Чацвер, 13 Ліпень 2017

Палітвязень Міхаіл Жамчужны зноў пераведзены ў іншую папраўчую калёнію

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Адвакат Міхаіла Жамчужнага прыехаў 13 ліпеня да свайго падабароннага на плянаванае спатканьне ў папраўчую калёнію №11 у Ваўкавыску, дзе палітвязень утрымліваўся з красавіка бягучага году пасьля пераводу з калёніі ў Навасадах. Нечакана высьветлілася, што Жамчужнага ў калёніі няма. Прадстаўнік адміністрацыі паведаміў абаронцу, што з 10 ліпеня палітвязень пераведзены ў калёнію №9, якая знаходзіцца ў Горках.

Пры гэтым прадстаўнік адміністрацыі ня змог патлумачыць прычыны пераводу Жамчужнага, спаслаўшыся толькі на тое, што гэта распараджэньне Дэпартаменту выкананьня пакараньняў МУС. Зь ягоных словаў стала таксама вядома, што Жамчужны пераведзены для пастаяннага адбыцьця пакараньня.

Трэба дадаць, што папраўчая калёнія №9 у Горках сумна вядомая сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня.

Найбліжэйшым часам адвакат паспрабуе высьветліць акалічнасьці нечаканага пераводу палітвязьня ў іншае месца адбыцьця пакараньня.

Заснавальнік “Платформ Інавэйшан” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч. 5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным вязьнем.

spring96.org