Міхаіл прайшоў карантын і ў цяперашні час знаходзіцца ў адным з атрадаў папраўчай калёніі №11, разьмешчанай у Ваўкавыску.
Палітвязень паведамляе, што ў новай папраўчай калёніі яму больш падабаецца, ніж у ранейшай калёніі №14, што знаходзіцца ў пас. Навасады Менскай вобласьці. «У мяне тут стала ўсё лепш, чымся ў ПК-14. У першыя гадзіны спрабавалі мяне здушыць з усіх бакоў. Але, атрымаўшы адэкватны адпор, адміністрацыя прызнала, што са мной прыемна мець справу», – піша палітзэк. Міхаіл жыве ў камфортных, наколькі гэта магчыма ў зьняволеньні, умовах. Яго аднаярусны ложак знаходзіцца каля вакна побач з батарэяй ацяпленьня ў сэкцыі на восем вязьняў.
Прафіляктычны ўлік з боку работнікаў калёніі застаўся, але ціску з боку адміністрацыі праз гэта ён пакуль не адчувае. Толькі сіняя паласа на бэйджыку спальнага месца кажа пра тое, што Міхаіл Ігаравіч зьяўляецца злосным парушальнікам рэжыму адбыцьця пакараньня. Вонкава ж зьняволены Жамчужны нічым не адрозьніваецца ад звычайных з/к. Палітвязень ні на што ня скардзіцца і нічога ня просіць.
Дзякуе калегам-праваабаронцам за дапамогу і падтрымку. Адзінае, чаго б ён не хацеў губляць, дык гэта сувязі з вонкавым сьветам. Таму сваіх пастаянных і новых карэспандэнтаў з волі просіць працягваць пісаць яму лісты на адрас: ПК-11, бр. 234, вул. Ракасоўскага, 118, 231900, г. Ваўкавыск, Гарадзенская вобласьць, Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу.
Лявон Яфрэменка