Як піша палітзьняволены, у цяперашні час яго турбуюць вынікі двух судоў, якія прайшлі 10 ліпеня ў Менскім абласным судзе па сустрэчным пазове да начальніка ПК №14 (Навасады, Менская вобласьць). Жамчужны ў пазоўнай заяве ставіў пытаньне наконт законнасьці яго працоўнай дзейнасьці, якую арганізавала адміністрацыя калёніі. На думку вязьня, начальнік ПК №14 павінен адказаць перад законам за прымус яго да працы на прадпрыемстве невядомай формы ўласнасьці без налічэньня зарплаты, без складаньня ведамасьці, без мэдагляду, бяз выплаты падаткаў у страхавы фонд. Тым больш, што згоду на гэткую працоўную дзейнасьць пэнсіянэр Жамчужны адміністрацыі калёніі не даваў. «Цікава, што такое адбылося на судох?» – задаецца пытаньнем палітвязень і чакае пастановаў з касацыйнай інстанцыі.
«На новым месцы прынялі добразычліва», – піша Жамчужны пра чарговае месца адбываньня пакараньня. Маўляў, кормяць добра: ёсьць мяса ў ежы, і даюць напраўду салодкі чай. На тэрыторыі калёніі шмат дрэваў і зеляніны. Як той казаў, можна ніштавата адседзець чатыры гады, што засталіся.
Тым ня менш Міхаіл Ігаравіч чакае салідарнасьці і падтрымкі ад усіх, каму не абыякавы ягоны лёс. І, вядома, чакае лістоў з добрымі весткамі. Ён просіць праваабаронцаў абвясьціць яго паштовы адрас: ПК №9, «Карантын», вул. Дабралюбава, 16, 213410 г. Горкі, Магілёўская вобласьць.
Лявон Яфрэменка