Міхаіл Жамчужны непакоіцца за лёс свайго сябра і кіраўніка закрытай уладамі праваабарончай арганізацыі «Пляцформа» Андрэя Бандарэнкі. Тым часам новы адвакат дапамагае палітвязьню падрыхтаваць наглядную скаргу ў Вярхоўны Суд.
У сваім чарговым лісьце на волю Міхаіл Ігаравіч сьцісла паведамляе пра ўмовы ўтрыманьня вязьняў у папраўчай калёніі №14 (ст. Навасады Барысаўскага раёну), якія ён характарызуе як «нармальныя». Праўда, шкадуе, што з 50 чалавек, якія сумесна зь ім адбываюць тэрміны зьняволеньня, ён не знайшоў людзей, якія б падзялялі яго палітычныя погляды і былі б блізкія яму па духу і інтэлекце.
Палітвязень паважліва адгукаецца пра адміністрацыю калёніі, піша, што прадуктыўна і з задавальненьнем размаўляе з супрацоўнікамі. Ён паведамляе, што зь ім ужо гутарылі апэратыўны работнік і выхавальнік. Яны цікавіліся думкай Міхаіла пра ўмовы ўтрыманьня ў пэнітэнцыярнай установе і, са свайго боку, далі яму карысныя парады , што да далейшага адбываньня тэрміну - з мэтай прадухіленьня канфліктных сытуацыяў і непрывабных эксцэсаў.
Міхаіл Жамчужны паведаміў таксама, што прыняў рашэньне адмовіцца ад пэнсіі на ўвесь пэрыяд знаходжаньня ў калёніі. На такі радыкальны крок яго падштурхнула апавяшчэньне сацслужбы Барысаўскага райвыканкаму, згодна зь якім законам «Аб пенсійным забесьпячэньні» вызначана, што грамадзянам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, пэнсія выплачваецца ў памеры 10% ад прызначанай сумы. «Няхай мая пэнсія застаецца ў пэнсійным фондзе для іншых пэнсіянэраў, а не на рахунку праціўнікаў зь пэнітэнцыярнай сыстэмы», - тлумачыць свой высакародны ўчынак палітвязень Жамчужны.
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, які лістуецца зь Міхаілам Ігаравічам, паведаміў рэдакцыі, што, нягледзячы на свой узрост, Жамчужны гатовы да бескампраміснай барацьбы за сваё вызваленьне зь месцаў зьняволеньня - ён ня лічыць сябе вінаватым і сьцьвярджае, што яго асудзілі па палітычных матывах.
Паводле Леаніда Сьвеціка, праваабаронцы будуць усімі законнымі і даступнымі спосабамі дапамагаць Міхаілу Жамчужнаму ў гэтай яго барацьбе. Праваабаронцы і грамадзянскія актывісты Віцебску будуць працягваць падтрымліваць Міхаіла Ігаравіча і маральна, і ў якасьці такой падтрымкі надоечы адправілі палітвязьню свае віншаваньні са сьвятамі.