Прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду ад 10.07.2015 з улікам зьменаў, унесеных у прысуд судовай калегіяй Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь ад 23.10.2015, Жамчужны Міхаіл Ігаравіч, 1955 года нараджэньня, які пражывае ў г. Віцебску, быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў паводле ч. 5 арт. 16, ч. 1 арт. 375, ч. 1 і ч. 2 арт. 376, ч. 1 і ч. 2 арт. 431 КК Рэспублікі Беларусь і асуджаны да 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.
У адпаведнасьці з прысудам, Жамчужны М.І. быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня іншых зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, асобай, якая мае (мела) доступ да гэтых зьвестак; незаконным набыцьці ў мэтах збыту і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі; незаконным набыцьці ў мэтах збыту і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, зьдзейсьненага паўторна; дачу хабару; дачу хабару паўторна.
Паводле згаданых артыкулаў кваліфікаваныя наступныя дзеяньні Жамчужнага М.І.:
на працягу 2013 -2014 гг., атрымаўшы згоду супрацоўніка органаў унутраных спраў (старшага інспэктара – дзяжурнага мэдычнага выцьвярэзьніка УУС Віцебскага аблвыканкаму), Жамчужны М.І. атрымліваў службовыя дакумэнты з інфармацыяй, якая, на думку Жамчужнага М.І., уяўляла грамадзкі інтарэс: зьвесткі аб узбуджаных крымінальных справах у дачыненьні да службовых асоб, зводка за 2012 і 2013 аб здарэньнях з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спэцданясеньне па факце раптоўнай сьмерці грамадзяніна Кудзелкі ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму, Загад МУС «Аб асобных аспэктах працы з кадрамі ў МУС». Гэтыя дакумэнты перадаваліся Жамчужным у праваабарончую ўстанову «Пляцформа».
Паводле сьцьвярджэньня абвінавачваньня, за даваньне такой інфармацыі Жамчужны М.І. перадаваў супрацоўніку органаў унутраных спраў грашовыя сродкі. Таксама, паводле сьцьвярджэньня сьледзтва, Жамчужны М.І. перадаў гэтаму супрацоўніку спэцыяльныя тэхнічныя сродкі, прызначаныя для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі.
З матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што ўсе інкрымінуемыя Жамчужнаму М.І. эпізоды супрацьпраўнай дзейнасьці зьдзяйсьняліся ім у рамках праводзімага апэратыўнага экспэрымэнту, які складаўся з чатырох этапаў, пад кантролем УКДБ па Віцебскай вобласьці, канчатковай мэтай якога было выяўленьне яго сувязяў з замежнымі грамадзянамі. Пры гэтым зьдзяйсьненьне Жамчужным М.І. асобных супрацьпраўных дзеяньняў у абстаноўцы, максымальна набліжанай да рэальнасьці, не спынялася органамі, якія ажыцьцяўлялі апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, даючы магчымасьць абвінавачанаму давесьці іх да канца з мэтай выяўленьня яго каналаў сувязі і праверкі яго на датычнасьць да зьдзяйсьненьня больш цяжкага злачынства, прадугледжанага арт. 358 КК (шпіянаж).
Мы не выключаем, што магчымыя супрацьпраўныя паводзіны Жамчужнага маглі стаць вынікам правакацыі злачынства – падбухторваньня, схіленьня, заахвочваньня ў прамой або ўскоснай форме да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў.
У гэтай сытуацыі цяжка ўявіць, што, правакуючы Жамчужнага М.І. да зьдзяйсьненьня больш цяжкага злачынства, прадугледжанага арт. 358 КК (шпіянаж), даючы магчымасьць давесьці яго дзеянні да канца, яму перадаваліся рэальныя дакумэнты, якія ўтрымліваюць такую таямніцу.
Відавочна і тое, што замест прафіляктыкі супрацьпраўных намераў, у рамках незаконна падоўжанага апэратыўнага экспэрымэнту з дапамогай правакатара – супрацоўніка органаў унутраных спраў, які ажыцьцяўляў ініцыятыўныя дзеяньні, Жамчужнага ўцягвалі ва ўсе новыя эпізоды злачыннай дзейнасьці з мэтай штучнага стварэньня доказаў.
Своечасовае спыненьне супрацьпраўнай, на думку КДБ, дзейнасьці Жамчужнага дазволіла б істотна зьнізіць ступень грамадзкай небясьпекі выстаўленых яму дзеяньняў і прызначыць яму значна больш мяккае пакараньне. Абгрунтаваньне працягу апэратыўнага экспэрымэнту інтарэсамі раскрыцьця злачынства супраць дзяржавы (шпіянажу) не вытрымлівае крытыкі, паколькі не заснаванае на пераканаўчых меркаваньнях аб наяўнасьці намераў у Жамчужнага ажыцьцяўляць такую дзейнасьць. Аднак такія дзеяньні КДБ цалкам укладваюцца па сэнсе ў праводзімую Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі ў 2012-2014 гадох сэрыю рэзанансных затрыманьняў і абвінавачваньняў у здрадзе дзяржаве (А. Гайдукова, А. Алесіна, В. Лазара), якія ня скончыліся вынясеньнем адпаведных абвінаваўчых прысудаў, але ў значнай ступені мелі на мэце павышэньне ролі і значнасьці КДБ у дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадзтве мэтадамі.
Матывамі дзейнасьці Жамчужнага М.І. не зьяўляліся карысьлівасьць або атрыманьне якіх-небудзь іншых выгадаў. Яго дзеяньні матываваліся няправільна зразуметымі інтарэсамі праваабароны. Кантакты з апэратыўнымі супрацоўнікамі для незаконных мэтаў і незаконныя мэтады заўсёды асуджаліся праваабарончай супольнасьцю.
У адпаведнасьці зь Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох, кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачаньня, прад'яўлянага яму, на справядлівы і публічны разгляд справы кампэтэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закону. СМІ і публіка могуць не дапускацца на ўсё судовае разьбіральніцтва або частку яго зь меркаваньняў маралі, грамадзкага парадку або дзяржаўнай бясьпекі ў дэмакратычным грамадзтве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцьця бакоў, або – у той меры, у якой гэта, на думку суду, строга неабходна, – пры асаблівых абставінах, калі публічнасьць парушала б інтарэсы правасудзьдзя.
Пры ацэнцы справядлівасьці судовага разгляду неабходна зыходзіць і з ацэнкі спосабаў атрыманьня доказаў. Прынцып справядлівасьці суду патрабуе ня толькі адпаведнасьці дзеяньняў праваахоўных органаў нацыянальнаму заканадаўству, але таксама закранае якасьць закону, патрабуючы ад яго адпаведнасьці прынцыпу вяршэнства права.
Па дадзенай справе парушалася права М. Жамчужнага на абарону: мерай узьдзеяньня на адваката – абаронцу М. Жамчужнага стала папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці за разгалошваньне дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня. Гэтая мера, якая празьмерна шырока прымяняецца на практыцы, сур'ёзна абмяжоўвае магчымасьці адваката адстойваць інтарэсы свайго падабароннага.
Папярэдняе расьсьледаваньне і судовы разгляд былі цалкам закрытымі і непразрыстымі, нягледзячы на павышаную цікавасьць да гэтай справы з боку грамадзкасьці і сродкаў масавай інфармацыі. Пры гэтым кампэтэнтнымі органамі не было дадзена ніякага абгрунтаваньня неабходнасьці разгляду справы ў закрытым судовым паседжаньні. Згадкі пра сакрэтны характар некаторых дакумэнтаў давалі суду права правесьці толькі частку разгляду ў закрытым рэжыме для абвяшчэньня зьместу гэтых дакумэнтаў. Вынікам закрытага разгляду стала ўтойваньне ад грамадзкасьці сумнеўных мэтадаў праваахоўнай дзейнасьці публічных органаў.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў прыходзяць да наступнай высновы: асуджэньне Міхаіла Жамчужнага зьяўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным.
Разумеючы пад палітычнымі матывамі рэальныя падставы непрымальных ў дэмакратычным грамадзтве дзеяньняў або бязьдзейнасьці праваахоўных і судовых органаў, iншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, накіраваных, у тым ліку, на дасягненьне мэты ўмацаваньня альбо ўтрыманьня ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў, лічым, што пазбаўленьне волі да Міхаіла Жамчужнага было ўжытае ў парушэньне права на справядлівае судовае разьбіральніцтва, гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох; пазбаўленьне волі было заснаванае на выстаўленых у віну справакаваных прадстаўнікамі дзяржавы, а значыць – якія не зьяўляюцца злачыннымі дзеяньнях, а працягласьць або ўмовы пазбаўленьня волі відавочна непрапарцыйныя правапарушэньню, у зьдзяйсьненьні якога асоба была прызнаная вінаватай.
Лічым неабходным патрабаваць для Міхаіла Жамчужнага неадкладнага перагляду прынятага ў яго дачыненьні прысуду пры захаваньні права на справядлівае судовае разьбіральніцтва і лiквiдацыi згаданых вышэй фактараў.
Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Алег Гулак, старшыня РПГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт»
Жанна Літвіна, экс-старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
Алена Танкачова, старшыня Праўленьня «Цэнтру прававой трансфармацыі»
Раіса Міхайлоўская, старшыня «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру»
Іна Кулей, старшыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць»
Тацьцяна Рэвяка, прэзыдэнт Беларускага Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава