Ці адновіць Ігар Аліневіч спробы ўсё ж атрымаць нейкую працоўную спэцыяльнасьць ў калёніі, як іншыя вязьні? «Ведаю, што ён бы хацеў вучыцца і там. Бо ён хлопец дапытлівы, цікаўны. Хоць яго незаконна асудзілі, а да таго незаконна скралі з Масквы, ўсё ж у яго было ўяўленьне аб нейкіх межах законнасьці. Думаў, што прыедзе ў калёнію, будзе працаваць, будзе вучыцца. Ну і што, што там прафэсіям навучаюць толькі працоўным? Але нікому не далі такой магчымасьці, і яму таксама», — распавяла Валянціна Аліневіч.
Апошні ліст ад Ігара Аліневіча прыходзіў на пачатку траўня — палітвязень віншаваў дзядулю і бабулю зь Днём перамогі. «Ад таго часу лістоў не было, а званкі там даўно не дазваляюць», — паведаміла маці палітвязьня Ігара Аліневіча.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч 27 траўня 2011 году быў асуджаны на 8 год за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны палітвязень не прызнаў і адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні.