Правацэнтрысцкая кааліцыя заявіла пра пляны ў траўні-чэрвені падаць заяўкі на правядзеньне пікетаў «недармаедаў» і пікетаў Салідарнасьці ў 30-ці рэгіёнах. Аднак здаецца, што нягледзячы на патрабаваньне Лукашэнкі даць людзям магчымасьць зьбірацца на плошчах і адкрыта выказваць сваё стаўленьне да ўлады, у рэгіёны паступіла зусім іншая дырэктыва.

22 сакавіка заяўнікі мітынгаў і шэсьця на Дзень Волі сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў сустрэліся з прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў. Днём раней яны былі запрошаныя ў габінэт № 108 гарадзкога выканаўчага камітэту, у якім месьціцца аддзел па рабоце з зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў. Як  высьветлілася, на прафіляктычную гутарку.

Полацкі райвыканкам забараніў праводзіць мітынг на плошчы гораду 26 сакавіка а 12-й гадзіне. Заяўку на мерапрыемства падаваў жыхар гораду Яўген Парчынскі. Пра адмову задаволіць заяўку чыноўнікі райвыканкаму паведамілі Яўгену наўпрост у залі выканкаму падчас разгляду гэтай заяўкі. Пісьмовая забарона выдадзеная Парчынскаму за подпісам намесьніка старшыні райвыканкаму.

Адмовы атрымалі абодва заяўнікі імпрэзаў. Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску забараніла двухгадзінны мітынг сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву, а Віцебскі абласны выканаўчы камітэт адмовіў старшыню Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусю Смолікаву ў дазволе на правядзеньне заяўленых ім на 25 сакавіка мітынгу і шэсьця.

Заяўку на акцыю, якая мусіць адбыцца 25 сакавіка, падалі ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску трое сябраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Ян і Аляксандар Дзяржаўцавы ды Пятро Сарапеня пазначылі ў сваёй заяўцы меркаваную колькасьць удзельнікаў імпрэзы 50 чалавек. Мэта акцыі – адзначыць 99-ю гадавіну ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.