На прыём да намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Цярэнцьева хацелі трапіць прадстаўнікі грамадзкіх стрктур, якія прапануюць ініцыяваць “Народны рэфэрэндум” – Юрась Губарэвіч, Андрэй Дзьмітрыеў і Аляксей Янукевіч, якія прыехалі зь Менску, а таксама віцебскія актывісты Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў і Лідзія Сагідуліна. Пасьля доўгіх спрэчак да чыноўніка прапусьцілі толькі трох актывістаў. А прадметам размовы была немагчымасьць атрымаць дазвол на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

Жыхары Віцебску зьвярнуліся ў аблвыканкам з заявай аб зьмяненьні парадку прыняцьця рашэньняў аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у горадзе. Калектыўны ліст падпісалі 40 чалавек. Зварот вымушаны, бо цягам некалькі апошніх гадоў віцебскія ўлады не далі ніводнага дазволу на правядзеньне ніводнага мітынгу альбо пікету.

Віцебскія актывісты атрымалі ліст ад “хуткай дапамогі”, якая адмовілася ад дзяжурства на пікеце 12 красавіка. Прычына адмовы – занятасьць мэдыкаў на спаборніцтве па боксе. Мінулым разам лекары цэнтральнай паліклінікі спасылаліся на “ўспышку сэзонных захворваньняў” у Дзень Волі і ня сталі заключаць дамову з актывістамі на гэтай падставе. А без дамоваў пікеты не дазваляюць.