Пасьля сустрэчы Ян Дзяржаўцаў распавёў падрабязнасьці. У габінэце іх чакалі ажно чатыры гарадзкія чыноўнікі не малога рангу, але кожнаму з заяўнікаў прыйшлося кантактаваць зь імі паасобку. Апроч намесьніка старшыні гарвыканкаму Пятра Падгурскага заяўнікаў адмоўленых уладамі акцый сустракалі намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч, памочніца пракурора гораду Віцебску Тацяна Опелева і начальнік аддзелу Ўладзімер Вараб’ёў.
Пётар Падгурскі папярэдзіў Яна Дзяржаўцава пра недапушчальнасьць ягонага асабістага ўдзелу ў забароненым адміністрацыяй Чыгуначнага раёну. Чыноўнік нагадаў партыйнаму актывісту пра няўхільнае выкананьне патрабаваньняў рашэньня гарвыканкаму №881 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”, якое можа заяўніку і не падабацца, але якое той мусіць выконваць, бо жыве, як ён выразіўся, у прававой дзяржаве.
Ян Дзяржаўцаў, скарыстаўшыся момантам, папікнуў прысутнага на сустрэчы прадстаўніка праваахоўнай структуры Ігара Скарыновіча ў тым, што міліцыянты адмаўляюцца заключаць дамовы з заяўнікамі, як таго патрабуе рашэньне гарвыканкаму №881. Канструкцыйнай размовы, аднак, не атрымалася, і Пётар Падгурскі прапанаваў спадару Яну для вырашэньня праблемы запісацца на асабісты прыём да кіраўніка абласнога УУС.
Кастуся Смолікава, як заяўніка шэсьця і мітынгу, гэтаксама папярэдзілі пра прававую адказнасьць за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Не прамінулі нагадаць яму і пра абавязковую неабходнасьць папярэдняй дамовы з міліцыяй, якую трэба заключыць да падачы заявы на масавую акцыю. Яго папярэдзілі, што згодна з заканадаўствам, ён ня можа быць арганізатарам недазволенага ўладамі мерапрыемства, за ўдзел у якім прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць.
Спадар Смолікаў заявіў, што прыме да ведама выказанае яму папярэджаньне, але ён не нясе адказнасьць за тых грамадзянаў, якія ўсё адно прыйдуць сьвяткаваць Дзень Волі на цэнтральную плошчу Віцебску.
С. Горкі