Панядзелак, 22 Сакавік 2021

Віцебскія актывісты атрымліваюць позвы з патрабаваннем з'явіцца 25 сакавіка ў РАУС

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Віцебскія актывісты, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34), пачалі атрымліваць позвы з міліцыі з патрабаваннем зʼявіцца ў пастарунку ранкам 25 сакавіка.

Каб уручыць павестку, супрацоўнікі МУС прыязджалі да некалькіх віцяблян на працу. Паводле дакументу, які атрымалі актывісты, ім «належыць 25 сакавіка 2021 году ў 10.00 зʼявіцца» ў аддзяленні міліцыі «для правядзення апытання». Пра што будзе апытанне і з якой прычыны яно будзе праводзіцца, міліцыянты не кажуць.

Праваабаронца Ірына Траццякова лічыць, што такім чынам міліцыя хоча цалкам ізаляваць людзей на Дзень волі – зрабіць так, каб іх не было на вуліцы.

«25 сакавіка яны будуць затрымліваць людзей да трох гадзін без усялякіх на тое прычын і падставаў. І ўсё толькі для таго, каб у гэты час людзі адсутнічалі на вуліцах гораду. Выклікаць у пракуратуру, выклікаць у аддзяленні ўнутраных спраў, на розных падставах запрашаць на размову ў апорныя пункты», – папярэджвае праваабаронца.

Паводле Ірыны Траццяковай, такія самыя позвы атрымліваюць зараз людзі ва ўсёй Беларусі. У сацсетках паведамляюць таксама пра бацькоўскія сходы, якія ў некаторых навучальных установах мяркуюць правесці акурат 25 сакавіка.

Зміцер Міраш