Гараджане пачалі масава выходзіць на вуліцы пасьля гвалтоўных і жорсткіх затрыманьняў, якія пракаціліся па ўсёй Беларусі 9-11 жніўня. Толькі ў Віцебску былі затрыманыя, па розных падліках, ад 300 да 500 чалавек. Людзей кідалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), СІЗА, а праз недахоп месцаў – адвозілі ў бліжэйшыя райцэнтры (дакладна вядома пра Бешанковічы і Гарадок). Некаторых адпускалі без складаньня пратаколаў. Большасьць былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на 10 і 15 сутак.
Мірныя маршы пратэсту ў Віцебску ладзіліся ад 13 жніўня. Людзі з кветкамі, балёнікамі, транспарантамі ў руках зьбіраліся ў розных кропках гораду і калонай рушылі па вуліцах гораду.
Гэтыя шэсьці вызначаліся вялікай колькасьцю нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягоў.
Маніфэстанты скандуюць “Віцебск, выходзь!”, “Свабоду!”, “Жыве Беларусь!” ды іншыя лёзунгі. Адно з ключавых патрабаваньняў пратэстоўцаў – вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Таксама – пералік галасоў і прызначэньне новых выбараў.
Калона віцяблян за дзень выходжвае па горадзе да 20 кіламетраў. За гэтыя дні мірныя пратэстоўцы некалькі разоў прыходзілі да Віцебскага аблвыканкаму (16 жніўня вывесілі на будынку бел-чырвона-белы сьцяг), падыходзілі да віцебскага СІЗА, упраўленьньня ўнутраных спраў аблвыканкаму, ІЧУ. Ладзілі супольныя малітвы перад віцебскімі храмамі.
Цэнтрам пратэсту ў апошнія дні стала плошча Перамогі. У нядзелю 16 жніўня на ёй сабралася каля 10 тысяч чалавек. У акцыі брала ўдзел вялікая колькасьць моладзі.
Моцную і гучную падтрымку маніфэстантам выказваюць штодзень віцебскія аўтамабілісты. Горад папросту гудзе.
Мірныя акцыі працягнуліся і 17 жніўня. Віцябляне абяцаюць, што будуць выходзіць штодзень, пакуль Беларусь ня стане вольнай.
Інфармацыі пра затрыманьні за апошнія дні не было.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!