У руках артысты трымалі плякаты з цытатамі вершаў беларускіх клясыкаў Багдановіча, Купалы і Коласа: «Усе мы разам ляцім да зор», «Людзьмі звацца» і «Толькі мы самі – Долі свае кавалі».
Ніхто нічога не прамаўляў, адно – пляскалі ў далоні, але ўсё было зразумела без словаў. І тыя, хто разумеў адгукаліся дружнымі воплескамі ці сыгналамі аўтамабіляў.
“Прайсьці міма той сытуацыі, якая склалася ў Беларусі ў культурнай і духоўнай прасторы нашай краіны, калектыў тэатру імя Якуба Коласа, безумоўна, ня мог.
Звальненьне дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушкі, былога амбасадара Беларусі ў Францыі, былога намесьніка міністра культуры, вельмі важнага чалавека для Беларусі ўсхвалявала артыстаў. Ён заўсёды стаяў і стаіць за беларускую мову за беларускую культуру, за яе вядомасьць у сьвеце. І такі чалавек быў звольнены!
Артысты і супрацоўнікі Коласаўскага тэатру вырашылі падтрымаць калег з Купалаўскага, бо найгалоўнейшае на сёньняшні час для ўсіх нас – салідарнасьць. Без агульнаграмадзянскай падтрымкі мы ня здолеем выйсьці ў нейкі наш сьвет, на наш беларускі шлях», – сказаў супрацоўнік тэатру.
С. Горкі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!