Субота, 25 Ліпень 2020

Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу ў Віцебску: Я вам абяцаю, што пайду да канца…

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Сьвятлана Ціханоўская ў Віцебску Сьвятлана Ціханоўская ў Віцебску

Мітынг, які адбыўся 24 ліпеня ў парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, стаў найвялікшай праявай грамадзянскай салідарнасьці ў Віцебску за ўсе гады незалежнай Беларусі і выявіў насьпелую прагу гараджанаў да свабоды і дэмакратыі. На свой трэці за дзень мітынг Сьвятлана Ціханоўская і яе каманда прыехала пасьля шматлюдных імпрэзаў у Глыбокім і Наваполацку. Больш за 5 тысяч чалавек у Віцебску сустрэлі народную кандыдатку дружнымі воплескамі.

«Я не здалася толькі дзякуючы вашай падтрымцы»

«Вашая падтрымка надала мне ўпэўненасьці, што я ўсё раблю правільна. Я спадзявалася, што маю кампанію будзе весьці мой муж, але ўлады спужаліся народнай падтрымкі і зрабілі правакацыю. Я працягнула кампанію, хоць была на крок ад таго, каб зьняцца. Гэта было цяжка і маральна, і псыхалягічна, і фізычна, бо я не была гатовая. Я зразумела: калі я адступлю, то здраджу ня толькі Сяргею, але і ўсім тым людзям, якія паверылі ў яго, паверылі ў тое, што ў гэтым годзе ўсё можна і трэба зьмяніць», – казала ў сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская.

«Мы стаміліся ад таго, што нам затыкаюць раты, што аб нас выціраюць ногі, але я не здалася, і не здалася толькі дзякуючы вашай калясальнай падтрымцы. Я вам абяцаю, што пайду да канца, да перамогі. Гэты год мусіць стаць пераломным, паверце ў гэта! У гэтым годзе мы мусім выбраць краіну, якую мы заслугоўваем! Я люблю беларусаў і таму хачу даць кожнаму права выбару», – запэўнівала кандыдатка.

«Прыбраўшы трох самых моцных кандыдатаў, улады не зразумелі, што сапраўднай пагрозай для яе ёсьць не самі кандыдаты, а ўвесь народ. Калі я стану прэзыдэнтам краіны, першым чынам я вызвалю палітзьняволеных. Але толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцьця!» – дадала.

Святлана Ціханоўская заявіла, што пасьля абраньня яна доўга не затрымаецца на пасадзе прэзыдэнта. Будуць прызначаныя новыя выбары, і кожны на тых свабодных выбарах зможа прагаласаваць за таго кандыдата, які імпануе. А людзі крычалі: «А хто яго ведае?», «Навучысься!»

Марыя Калесьнікава: Хопіць гвалту!..

Зьвяртаючыся да віцяблян, Марыя Калесьнікава нагадала, што яшчэ 10 гадоў таму ў Беларусі не было ніводнай карціны Шагала, а цяпер дзякуючы намаганьням Віктара Бабарыкі – ёсьць. Але сёньня Бабарыка за кратамі.

«Мы ганарымся сваім народам, але чаму вамі не ганарыцца ўлада? Ці магла б улада, якая ганарыцца сваім народам, дазволіць яму жыць на такія нізкія заробкі? Змарнаваць 70 тысячаў даляраў на «дошку гонару» замест рамонту ў лякарні? Пакуль чыноўнікі прымушаюць народ хадзіць на парады і суботнікі, якасьць «Славянскага базару» станавіцца горшай, чым якасьць віцебскіх дарог», – казала Марыя Калесьнікава.

«Цяпер улады намагаюцца сутыкнуць беларусаў між сабой. Яны кажуць, што вайскоўцы мусяць біць, душыць і ўжываць гвалт. Супраць каго? Супраць простых беларусаў! Супраць тых, хто зараз знаходзіцца тут! Хіба можа да гэтага заклікаць урад, які любіць свой народ? Улады кажуць, што вайскоўцы мусяць вырашыць праблему нізкага рэйтынгу прэзыдэнта! Высокі рэйтынг прэзыдэнт мусіць заслужыць клопатам пра свой народ, але ня гвалтам! Хопіць гвалту!» – заклікала прадстаўніца аб’яднанага штабу.

«Кожны з нас ведае: я магу ўсё зьмяніць! У беларусаў ёсьць выбар. Мы можам застацца дома, але тады нас чакае яшчэ большы крызіс, безграшоўе, дарожныя мапы і аб’яднаньне з Расеяй. Сьвятлана Ціханоўская – моцная жанчына! Гэта наш квіток у свабодную і шчасьлівую Беларусь! Галоўны вораг перамогі – гэта не рэжым! Галоўны вораг перамогі – гэта наш страх! Ня бойцеся – нас бальшыня!» – сьцьвердзіла Калесьнікава.

Вераніка Цапкала: З намі няма нашых сем’яў, але з намі ёсьць вы!

Вераніка Цапкала гаварыла пра набалелае. Распавяла, як пасьля атрыманьня інфармацыі пра плянаваные ўладамі затрыманьне мужа і ціск на сям’ю Валер Цапкала вымушаны быў пакінуць краіну.

«У гэтай прэзыдэнцкай кампаніі выразна бачна, што ўсе альтэрнатыўныя погляды альтэрнатыўных кандыдатаў караюцца. Хтосьці трапляе за краты, на кагосьці ідзе ціск праз ягоных дзяцей. У нашай краіне існуе толькі меркаваньне кіраўніка краіны, астатніх проста не існуе, але мы хочам гэта зьмяніць!» – сказала Вераніка Цапкала.

«Я і Сьвятлана Ціханоўская цяпер з вамі, з народам Беларусі, бо з намі няма нашых сем’яў, але з намі ёсьць вы. І гэта дадае нам моцы ісьці наперад», – запэўніла жонка былога кандыдата.

«За апошнія 20 гадоў 750 тысячаў беларусаў пакінулі краіну. Гэта Віцебск і Магілёў разам узятыя. Нас па адным выжываюць з краіны. У нас мужоў і дзяцей трымаюць у закладніках. Нас пазбавілі права гадаваць на роднай зямлі сваіх дзяцей. Але ўсяго, чаго мы хочам, гэта гадаваць нашых дзяцей на роднай зямлі, бо я не хачу нікуды зьяжджаць. Я хачу, каб яны тут вырасьлі», – казала жанчына.

«Нас палохаюць падзелам грамадзтва, нас палохаюць войскам НАТА, нас палохаюць войскам Расеі, нас палохаюць майданам… Але ці чулі вы калі-небудзь ад альтэрнатыўных кандыдатаў пра майдан? Мы чуем пра майдан і вайну толькі ад аднаго чалавека! Новы прэзыдэнт хоча міру, хоча жыць у бясьпечнай краіне! Мы не жадаем вайны! Мы хочам нармальнага жыцьця ў цывілізаванай дзяржаве!» – сьцьвердзіла Цапкала.

Людзі на мітынгу раз-пораз перарывалі выступоўцаў воплескамі і скандаваньнем «Верым, можам, пераможам!», « Свабоду палітвязьням!», «Малайчына!», «Ганьба!», «Сыходзь!».

Кожны з выступоўцаў заклікаў выбарцаў прыходзіць на выбарчыя ўчасткі толькі ў асноўны дзень галасаваньня.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.