У Дзень Волі 25 сакавіка Барыс Хамайда, як зазвычай, выйшаў на сваё месца ля «сіняга дому». Гэтым разам ён трымаў у руках белы сьцяг з надпісам: «Беларусь перадусім!».
Хамайда прызнаўся, што ня мог заставацца ўдома ў дзень найвялікшага нацыянальнага сьвята.
«Напісаў «Беларусь перадусім», бо лічу, што гэты лёзунг – сучасная беларуская нацыянальная ідэя. Усё астатняе – потым», – кажа Барыс Хамайда.
Акцыя доўжылася з паўгадзіны. А 12-й Барыс Ханонавіч згарнуў сьцяг і прачытаў малітву «Ойча наш», далучыўшыся такім чынам да супольнай малітвы ўсіх хрысьціян сьвету, якія на заклік Папы Рымскага маліліся ў гэты час за пераадоленьне каронавірусу.
С. Горкі, фота аўтара