Панядзелак, 04 Май 2020

«Каб аб’яднацца». У Віцебску пачалі масава «карміць галубоў»

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Фота: t.me/Vitebsk_strana Фота: t.me/Vitebsk_strana

У нядзелю 3 траўня на плошчы Перамогі сабралася каля 50 чалавек, каб узяць удзел у «кармленьні галубоў». Асноўная ідэя – выйсьці разам у цэнтар гораду і фармальна не патрапіць пад Закон аб масавых мерапрыемствах. Падобныя акцыі ўжо ня першы год ладзяць у Берасьці. Падчас пандэміі гэткую форму сходаў пачалі выкарыстоўваць і ў іншых гарадах Беларусі.

Удзельнікі «кармленьня» прайшлі ад плошчы Перамогі да піраміды «Марка Сіці», а потым – да будынку Віцебскага гарвыканкаму і тэатру «Лялька», дзе каля скульптурнай кампазыцыі, прысьвечанай казачнаму Хатабычу, загадалі запаветнае жаданьне. Адзін з удзельнікаў прызнаўся, што жаданьне гэтае агульнае для ўсіх: пазбавіцца дзейнага прэзыдэнта.

Віцябляне стараліся датрымлівацца супрацьэпідэміялягічных мераў засьцярогі – трымалі неабходную дыстанцыю. Але ў масках былі ня ўсе.

«Так, масавыя сходы цяпер – гэта небясьпечна, але, зь іншага боку, нельга моўчкі глядзець на ўсё тое, што адбываецца ў краіне і горадзе», – мяркуе адзін з удзельнікаў акцыі Аляксей.

Ён кажа, што пры дзейным кіраўніцтве краіны ня бачыць ніякіх пэрспэктыў.

«Ды і цяперашняя сытуацыя з каронавiрусам паказала ўсё вельмі яскрава. Людзі самі зьбіраюць грошы на дапамогу лекарам, а між тым – Міністэрства аховы здароўя адкрывае дабрачынныя рахункі. Гэта ўвогуле як? Мы ж падаткі плацілі і цяпер плацім! А ў выніку гэтыя грошы замест падтрымкі мэдыцыны ідуць на арганізацыю парадаў, на пацеху аднаму чалавеку», – гаворыць Аляксей.

Цягам гадзіны людзі абмеркавалі гарадзкія праблемы, сытуацыю з каронавiрусам, а таксама будучыя прэзыдэнцкія выбары, якія маюць адбыцца сёлета.

«Мы зьбіраемся, каб паглядзець у вочы адзін аднаму і аб’яднацца», – акрэсьліў у Тэлеграм-канале «Витебск для жизни» мэты «кармленьня» адзін з удзельнікаў сустрэчы.

Сустрэча прайшла мірна і без правакацый. Каля гарвыканкаму ўдзельнікаў сустрэчы здымалі на відэакамэру людзі ў цывільным.

Віцябляне вырашылі «карміць галубоў» штонядзелі.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.